Беларускія турысты змогуць адправіцца ў Ізраіль без візы ўжо ў кастрычніку. Аб гэтым сёння заявіла намеснік міністра ўнутраных спраў Ізраіля Фаіна Кіршэнбаўм на сустрэчы з беларускім віцэ-спікерам Віктарам Гумінскім. Праект дагавора аб адмене візавага рэжыму ўжо ўзгоднены ў МУС Ізраіля, зараз яго павінны адобрыць у міністэрствах замежных спраў. Далей дакумент будзе ратыфікаваны ў парламентах. Пры гэтым кіраўнік ізраільскай дэлегацыі падкрэсліла, што ў турыстычных мэтах на 90 дзён без візы ў яе краіну можа прыехаць абсалютна кожны беларус і, што самае галоўнае, без біяметрычнага пасведчання. Такое выключэнне Тэль-Авіў зрабіў толькі для нашай краіны. Больш за тое, Ізраіль гатовы падзяліцца вопытам запуску сістэмы біяметрычных пашпартоў.














