Больш за 100 тон салодкіх дэсертаў за месяц. Менавіта столькі цукерак будзе выпускаць філіял кандытарскай фабрыкі "Слодыч" у Івянцы. Новую лінію вядомага брэнда адкрылі сёння. Знаёмыя ўсім малочныя кароўкі, ірыс і суфле - да канца года асартымент выпускаемых ласункаў на новым канвееры павялічаць з 6 пазіцый да 27. Філіял ужо актыўна стварае ў Івянцы працоўныя месцы: штат плануюць укамплектаваць трыма сотнямі супрацоўнікаў.
Магутнасці новага канвеера дазволяць павялічыць аб'ём выпускаемай прадукцыі ўдвая. Асноўная мэта - імпартазамяшчэнне і насычэнне ўнутранага рынку беларускімі прысмакамі, сярод якіх не толькі цукеркі, але і мучныя вырабы, і зефір. Кіраўніцтва філіяла таксама актыўна вядзе перамовы па экспартных пастаўках у Расію, Украіну, Манголію і Кітай.













