У Іўі народную спадчыну раёна плануюць ператварыць у турыстычны брэнд

24 августа 2019

Самадзейныя мастацкія калектывы, майстры-самавучкі і рамеснікі. У Іўі народную спадчыну раёна плануюць ператварыць у турыстычны брэнд. Ужо сёння сваю творчасць гасцям прапануюць каля сотні аўтэнтычных ансамбляў. У гарадку можна не толькі набыць унікальныя рэчы, зробленыя па старажытных тэхналогіях, але і прыняць удзел у майстар-класах па іх стварэнні. Як мясцовы Цэнтр культуры аб’ядноўвае таленавітых людзей рэгіёна - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.

Сцэна Іўеўскага цэнтра культуры занята практычна сем дзён на тыдзень. Рэпетыцыі шматлікіх мастацкіх калектываў распісаны літаральна па хвілінах. Танцавальныя, музычныя, народныя, а яшчэ некалькі самадзейных тэатраў адточваюць сваё майстэрства на галоўнай канцэртнай пляцоўцы раёна. 

Бадай, самым тытулаваным на Іўеўшчыне з’яўляецца народны ансамбль народнай музыкі “Чабарок”. Калектыў існуе з 1987 года. І ўвесь гэты час яго ўдзельнікі прапагандуюць беларускую песню. 

Ганна Данілевіч прыйшла ў “Чабарок” яшчэ 8 гадоў таму. Прыехала ў Іўеўскую школу мастацтваў па размеркаванні, пабывала на выступленні калектыву і дакладна вырашыла, што павінна стаяць на сцэне разам з артыстамі.

Усяго ж у Іўеўскім раёне створана каля 100 самадзейных калектываў, 40 з якіх  дзіцячыя. 

Жыхар Іўя Юлдаш Хасанаў пра дрэва ведае ўсё. Пачынаў сваю дзейнасць як разьбяр, а сёння ў яго самая вялікая ў раёне калекцыя бондарскіх вырабаў.

Майстар мастацкай апрацоўкай драўніны захапіўся выпадкова. Спачатку гэта было як хобі, затым стала справай усяго жыцця. Зараз атрымаў статус рамесніка і плануе адкрыць школу разьбяроў.

А вось майстрыха Марыя Пякша недахопу ў паслядоўніках не адчувае. Яе творы ведаюць ва ўсёй Гродзенскай вобласці. Традыцыйныя лялькі-абярэгі, абрадавыя, дзіцячыя – гэта толькі невялікая частка яе захаплення. Сваіх герояў жанчына прыдумляе сама, а ўвасобіць у тканіне дапамагаюць вучні школы.

Аднак самым распаўсюджаным рамяством на Іўеўшчыне з’яўляецца саломапляценне. Унікальныя вырабы з саломкі можна знайсці практычна ў кожнай вёсцы. І тут ўсё залежыць ад фантазіі аўтара. Хтосьці спецыялізуецца на маленькіх пацерках, іншыя плятуць нават мэблю і вялізныя капелюшы.

Рамесніцтва, упэўнены ў Іўі, у хуткім часе стане іх турыстычным брэндам. Тут створаны клуб майстроў народнай творчасці “Скарбніца”, які аб’яднаў таленавітых людзей раёна. А яны ў сваю чаргу гатовы прапанаваць свае вырабы і праводзіць майстар-класы для ўсіх без выключэння гасцей гарадка.