У Івацэвічах жыхары цэлага квартала задыхаюцца ад дарожнага пылу

5 мая 2018

Праз іх гравійку нястомна едуць машыны. Мясцовыя ўлады прынялі рашэнне: абмежаваць уезд на тэрыторыю пыльных вуліц, але дарожны знак большасць вадзіцеляў ігнаруе. Імчацца як легкавушкі, так і велікагрузы.

Вікторыя Патоня разбіралася ў праблеме. Многія гады жыхары адразу некалькіх вуліц у прыватным сектары Івацэвіч глынаюць пыл. Праезная частка адна на ўсіх: для вадзіцеляў аўто, веласіпедыстаў і пешаходаў. Людзі скардзяцца, што рух транспарту тут настолькі інтэнсіўны, асабліва раніцай і вечарам, што з-за пылу не відаць суседзяў. Глыток свежага паветра - мара кожнага з іх.

Праблема пыльных вуліц даўняя. Людзі больш за 10 гадоў вядуць перапіску з мясцовай уладай. Не раз звярталіся ў розныя інстанцыі з просьбай вырашыць дарожнае пытанне, былі нават на прыёме ў губернатара. Дарогу падсыпалі друзам, але пыл застаўся, а вось інтэнсіўнасць руху ўзрасла.

Дзесьці год таму ў пачатку і ў канцы квартала былі ўсталяваныя вось такія дарожныя знакі "Рух забаронены". Гэта азначае, што ўезд сюды дазволены толькі ўладальнікам участкаў. Але большасць вадзіцеляў правілы дарожнага руху ігнаруе. Імчацца як легкавушкі, так і велікагрузы.

Наша здымачная група правяла свой эксперымент і спытала, чаму вадзіцелі едуць забароненым шляхам. Большасць прызналіся, што паступаюць так, як ім зручна. Толькі мясцовыя імкнуцца праязджаць на мінімальнай хуткасці.

Жыхары квартала няўмольна адстойваюць сваё права на чыстае паветра. Ружа вятроў такая, што пыл ляціць у хаты і агароды. Дастаецца пешаходам, у тым ліку школьнікам. Асфальт на пыльныя вуліцы прыйшоў, але часткова. Застаўся кіламетр шляху. Часовы дарожны знак праблему не вырашыў. І перспектывы туманныя.

Намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве Андрэй Рэгіс не раз сустракаўся з жыхарамі пыльных вуліц. Гаворыць, што і сам жыве на адной з такіх. Фінансаванне ёсць, але зараз у прыярытэце цэнтр Івацэвіч, тут рыхтуюцца да 500-годдзя горада.

Але такое рашэнне задавольвае не ўсіх. Тым больш што ў заходняй частцы горад актыўна забудоўваецца. А значыць праблемных і пыльных дарог становіцца яшчэ больш.