У Інстытуце агародніцтва пад Мінскам працуюць над стварэннем новых сартоў

5 мая 2020
Цёплае надвор'е зараз спрыяе актыўнаму аграсезону. У Мінскай вобласці высаджваюць гародніну. У асноўным - капусту, моркву, цыбулю. Прычым гаспадаркі, у тым ліку і фермерскія, аддаюць перавагу сартам беларускай селекцыі. Іх распрацоўкай займаюцца даследчыкі Акадэміі навук. 

На эксперыментальных тэрыторыях пад Мінскам вырошчваюць і экзатычныя для нашай краіны расліны. Якія, даведалася Аляксандра Кавеліч.

Цеплалюбівая расліна тут пасялілася нядаўна. Аднак Анатоль Якімовіч паставіў перад сабой новую прафесійную мэту - стварыць першы беларускі сорт цвятной капусты. А за сваю навуковую дзейнасць даследчык ужо распрацаваў каля 10-ці разнавіднасцей белакачаннай. Зараз яны самыя запатрабаваныя ў гаспадарках краіны. 

Дыні і кавуны, баклажаны, таматы… На гэтых пляцоўках пад Мінскам штогод вырошчваюць звыш сотні розных відаў гародніны, у першую чаргу, каб распрацаваць тэхналогіі агравытворчасці. Менавіта гэтыя рэкамендацыі дапамагаюць гаспадаркам атрымліваць высокі ўраджай. 

Кожны кавалак зямлі - сапраўдная даследчая пляцоўка. Спецыялісты вывучаюць, як паводзяць сябе нетыповыя для нашага клімату расліны, новыя сарты гародніны. Дарэчы, выводзяць іх тут жа, у суседніх лабараторыях. 

На стварэнне кожнага часам патрэбна больш за дзесяць гадоў. 

Андрэй Чайкоўскі, дырэктар Інстытута агародніцтва НАН Беларусі: "Нашы супрацоўнікі пастаянна сочаць за зменлівымі ўмовамі, каб удасканальваць тэхналогіі. Пры гэтым новыя гатункі таксама пастаянна з'яўляюцца, напрыклад, сёлета наша навінка - гэта цыбуля парэй… працягваюцца выпрабаванні. Спадзяёмся, што праз два гады яна будзе запушчана ў прамысловую вытворчасць". 

Вынікі доўгай працы хутка з'явяцца на палях Мінскай вобласці. У гэтай фермерскай гаспадарцы, што пад Смалявічамі, штогод выбіраюць менавіта сарты беларускай селекцыі. Высадка гародніны і караняплодаў зараз ідзе асабліва актыўна.

А напрыканцы мая тут пачнуць высаджваць кавуны і дыні. Дзякуючы асаблівай тэхналогіі, вырошчваць экзатычныя культуры ў Мінскай вобласці атрымліваецца нават пад адкрытым небам.