У Гродне сёння ўрачыста перапахавалі астанкі чырвонаармейцаў

21 июня 2018

У Гродне сёння ўрачыста перапахавалі астанкі чырвонаармейцаў, якія загінулі ў баях за горад у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Знайшлі астанкі ў лютым падчас будаўніцтва гандлёва-забаўнага цэнтра. Падчас раскопак дасталі астанкі шасці вайскоўцаў і дзясяткі прадметаў і асабістых рэчаў. Сярод іх і тры медальёны.

Аляксандр Лабанаў, ваенны камісар г. Гродна і Гродзенскага раёна:

"Падчас пошукавых работ былі знойдзены фрагменты стралковай зброі, боепрыпасы, элементы абмундзіравання і гадзіннік. На жаль, па гадзінніку мы не вызначылі ўладальніка. Але дзякуючы таму што адзін медальён быў у добрым стане, удалося вызначыць прозвішча аднаго з чырвонаармейцаў".

Была высветлена асоба Паўла Рабініна - санітара 103-га стралковага палка 85-ай стралковай дывізіі. У 1941 годзе ваенная часць адной з першых уступіла ў бой з ворагам. Удалося адшукаць сваякоў загінуўшага байца. Яго ўнучаты пляменнік прыехаў у Гродна з Мурманска.

Пошукавыя ж работы ў Гродзенскай вобласці прадоўжацца. Сярод аб'ектаў няўлічаныя пахаванні вайскоўцаў як Першай сусветнай вайны, так і Вялікай Айчыннай.