У Гродне выратавалі лася

10 ноября 2017

Незвычайная выратавальная аперацыя разгарнулася ў Гродне. У пастцы апынуўся лось. Каб вызваліць дзікую жывёліну з тэхнічнага праёма ля будынка Інстытута біяхіміі, ратавальнікам спатрэбіліся больш чым тры гадзіны, а таксама кран і тросы. Каб жывёліне не нашкодзіць, яе ўсыпілі.

Вадзім Палякоў, начальнік Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя: "Жывёліна была абезрухоўлена, а потым з дапамогай спецыяльнай тэхнікі паднятая. Ветэрынары ацанілі яе стан - ён здавальняючы. Мы лася зараз вывезем у лес, і пасля таго як пройдзе наркоз, ён вернецца да свайго звычайнага жыцця".

Лася адвязуць у лясны масіў Пыжкі, адкуль, як мяркуецца, ён і зайшоў у горад.