У Гродне адкрылі пашыранае аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі

2 октября 2017

У Гродне ў дзіцячай клінічнай бальніцы адкрылі пашыранае аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі.

Апараты штучнага дыхання, аўтаматычная сістэма харчавання і кругласутачны маніторынг. У Гродне ў дзіцячай клінічнай бальніцы сёння адкрылі пашыранае аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі для нованароджаных і неданошаных дзяцей. Колькасць коек - а дакладней, кувезаў - павялічылі да 12, а за кожным маленькім пацыентам 24 гадзіны на суткі назіраюць дзяжурныя ўрачы і сучасныя праграмы аналізу стану здароўя. Першыя ўражанні бацькоў пацыентаў і саміх урачоў сабраў Дзмітрый Смірноў.

Кожны такі кувез - усяго іх у гэтым аддзяленні 12 - абсталяваны самымі сучаснымі і высокатэхналагічнымі прыборамі. Яны і сочаць за станам маленькіх пацыентаў кругласутачна.

Такіх аддзяленняў у Гродзенскай вобласці толькі два. Менавіта тут могуць дапамагчы самым маленькім пацыентам - неданошаным, або, як гавораць самі дактары, з экстрэмальна нізкай масай цела. Маніторы, апараты, экраны і датчыкі - некаторыя прыборы здольныя аўтаматычна не толькі рэгуляваць тэмпературу ў кувезе, арыентуючыся на звесткі дзіцяці, але і вызначаць нават колькасць кіслароду ў крыві.

Алена Каткова, в.а. загаддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы: "Не ўсе дзеці могуць дыхаць пасля нараджэння - нам неабходна падтрымаць гэтую функцыю. Апараты ШВЛ высокага класа, якія дазваляюць праводзіць усе магчымыя рэжымы выкарыстання вентыляцыі лёгкіх, - мы можам ратаваць дзяцей з нізкай масай цела".

Медыкі спецыяльнай неанатальнай брыгады гатовыя ў любы час сутак выехаць у любы раён вобласці. Маленькіх пацыентаў дастаўляюць у цэнтр на спецыяльным рэанімабілі.

Сяргей Таранцей, галоўны доктар Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы: "За год праз бальніцу - аддзяленне нованароджаных - праходзіць каля 600 дзяцей, якія патрабуюць неабходных дапамог, а гэта кожны 18-19 народжаны ў вобласці. І з іх кожны трэці праходзіў праз пост інтэнсіўнай тэрапіі, якая працавала на 6 коек - гэта 200 чалавек".

А гэта - вынік працы гродзенскіх дактароў. Фатаграфіі сваіх дзяцей, ужо школьнікаў, сюды прынеслі бацькі. Са словамі падзякі. Бо няма нічога больш дарагога за выратаванае дзіцячае жыццё.