Навядзенне парадку ва ўсіх сферах эканомікі і жорсткая дысцыпліна - асноўныя кірункі працы для вертыкалі ўлады ў кожным рэгіёне краіны. Сёння ў Гродне абмяркоўвалі перспектывы развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці з удзелам старшыні Камітэта дзяржкантролю Леаніда Анфімава. Пастаўленыя Кіраўніком дзяржавы задачы па зніжэнні выдаткаў у сферы ЖКГ выконваюцца не ва ўсіх раёнах. Адзначаны праблемы збору другаснай сыравіны і пераходу на мясцовыя віды паліва. У найбліжэйшы час усе недапрацоўкі павінны быць ліквідаваны. Не засталіся без увагі і даручэнні, якія даў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Магілёўскай вобласці. Камітэт дзяржкантролю вызначыў самыя праблемныя сферы эканомікі ў рэгіёнах. Пра іх даложаць Кіраўніку дзяржавы.
Леанід Анфімаў, Старшыня Камітэта дзяржкантролю Беларусі: "Мы будзем гаварыць не толькі пра сельскагаспадарчую вытворчасць, але і пра актуальныя пытанні рэгіянальнага развіцця, што выцякаюць з даручэнняў Кіраўніка дзяржавы. Гэта і пытанні эканомікі, сацыяльнай сферы, утрымання тэрыторый, навядзенне парадку на зямлі, захаванне тэхналагічных рэгламентаў у сельскагаспадарчай вытворчасці, утрыманні ферм, навядзенне парадку на мехдварах".
Падчас рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць старшыня дзяржкантролю правёў прамую тэлефонную лінію з жыхарамі рэгіёна, на якой таксама былі закранутыя розныя праблемы - ад капітальнага рамонту жылля да стану дарог.













