У Гродзенскім рэгіёне афіцыйна стартаваў летні турыстычны сезон

28 апреля 2018

Сёння на Аўгустоўскім канале пачаў працаваць сезонны пагранпераход "Лясная - Рудаўка". Зараз наведаць рэгіён без візы можна не толькі на аўтамабілі, але яшчэ і на байдарцы, веласіпедзе і нават пешшу. Першым госцем, які скарыстаўся пераходам, стаў бургамістр польскага горада Аўгустаў Войцех Валюлік. Ён жа стаў і 15-тысячным турыстам, які наведаў Гродзенскі раён без візы з пачатку года.

Войцех Валюлік, бургамістр г. Аўгустава, Польшча: "Мы вельмі рады, што першымі адкрылі турыстычны сезон тут, у пункце пропуску "Рудаўка - Лясная". І вельмі спадзяёмся, што турыстычны паток як з польскага, так і з беларускага боку зараз будзе толькі ўзрастаць. Радасна, што перасекчы мяжу можна не толькі на байдарках, але і пешшу, і на веласіпедзе. А бязвізавы рэжым наведвання толькі паспрыяе гэтаму".

Віктар Лісковіч, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама: "Госці едуць з Літвы, Польшчы. Амаль з 60-ці краін пабывалі за паўтара года ў нас. У Гродне будуюцца недарагія хосталы, адкрываюцца гасцініцы. Я думаю, што найбліжэйшым часам гэта ўсё будзе запатрабаванае нашымі турыстамі".

Больш актыўна ў Гродзенскай вобласці стала развівацца і сфера абслугоўвання. Паводле папярэдніх звестак, за першы квартал года аб'ём экспарту турыстычных паслуг склаў каля 3-х мільёнаў долараў. Што да пункта пропуску "Лясная - Рудаўка", то ў мінулым сезоне тут перасеклі мяжу звыш 2,5 тысячы турыстаў. Сёлета з улікам павелічэння тэрміну знаходжання без візы на тэрыторыі Гродзенскага раёна да 10-ці сутак чакаецца рост патоку падарожнікаў.