У Гродзенскім раёне сёння аграрыі адсвяткавалі Дажынкі

24 августа 2013
Свята, якое сабрало ў сябе сотні людзей, стала прыгожым завяршэннем уборачнай кампаніі ў раёне. Здавалася б - хлебаробам настаў час расслабіцца і адпачыць, але ўжо ў панядзелак механізатары і аграномы зноў выйдуць у палі - рыхтавацца да пасяўной.

Пра што гавораць у аграрных кулуарах і ці ўвайшла прафесія камбайнера ў топ самых высокааплатных - у рэпартажы Дзмітрыя Смірнова.

Ва ўсім Гродзенскім раёне пераможцамі названыя 18 чалавек. Сярод іх камбайнеры, вадзіцелі, механізатары і аграномы. Гэта значыць тыя, хто вырасціў і сабраў сёлетні ўраджай.

Сёння яны ўсе ў касцюмах і з чырвонымі стужачкамі пераможцаў. Заслужанае адрозненне - улічваючы, якой была сёлетняя ўборачная кампанія.

Такія заслугі кіраўніцтва многіх СВК і ацаніла па заслугах. Прафесія камбайнера падчас летняга сезона можа ўвайсці ў топ самых высокааплатных у краіне.

Для саміх жа пераможцаў раённыя Дажынкі сталі прыемнай магчымасцю перадыхнуць. Нават пасля заканчэння ўборкі праца ў полі для іх яшчэ не скончылася. Хутчэй, нават толькі пачынаецца. Юрый Сянько ў гэту ўборачную стаў трохтысячнікам і ўжо збіраецца сеяць азімыя.

Перад Гродзенскай вобласцю на гарызонце засталіся толькі 6 неабмалочаных працэнтаў. Гэта грэчка, проса і кукуруза. Уборка збожжавых вывела рэгіён на вядучую пазіцыю па ўраджайнасці ў краіне.

У гонцы за месцы па валавым зборы збожжа і ўраджайнасці пераможцы вызначыліся. А ўжо першага верасня ў Гродне вырашаць, хто прадставіць рэгіён на Рэспубліканскім фестывалі працаўнікоў сяла, які адбудзецца ў Жлобіне.