У Гарадоцкім раёне створаны гадавальнік аленяў

15 мая 2019

Больш за мільён долараў інвестыцый дапамаглі рэалізаваць амбіцыйны праект і стварыць гадавальнік аленяў у Гарадоцкім раёне. Задача гэтай фермы - узнаўленне здаровых жывёлін і рэалізацыя іх у паляўнічыя гаспадаркі Беларусі і суседніх краін. Праекту чатыры гады, першых жывёлін прывезлі з Літвы, атрымалі нашчадства. І толькі гэтай зімой пачаліся першыя продажы. Аб перспектывах праекта - Вольга Маслоўская

Грацыёзныя і палахлівыя. Толькі ў гадавальніку можна ўбачыць статкі аленяў за некалькі дзясяткаў метраў. На 54 гектарах драбналесся пабудавана дзесяць прасторных вальераў. Дарослых жывёлін і прыплод апошняга года ўтрымліваюць паасобна. Так лягчэй даглядаць жывёлін і адсочваць фарміраванне сем'яў. 

Будаўніцтва фермы аленяў у Гарадоцкім раёне пачалося ў верасні 2015 года. І ўжо праз чатыры месяцы з Літвы сюды прывезлі першых жывёлін. 150 аленяў хутка асвоіліся і далі нашчадства. Праз тры гады пачаліся першыя продажы. 

І ўсе ўмовы для рэалізацыі амбіцыйнага праекта ёсць. У гадавальніку пабудаваная спецыяльная пастка - будынак спрашчае ветэрынарны догляд жывёл. З яе дапамогай адбываецца і перадпродажнае сартаванне аленяў. У вальерах ёсць натуральныя вадаёмы, а недахоп вільгаці ў засушлівы перыяд кампенсуюць аўтаномныя паілкі з падагрэвам. Тэрыторыя пад відэаназіраннем. Распавядаюць, што на камеры трапляюць не толькі алені: наведваюць гэтыя месцы мядзведзі і ваўкі, але дабрацца да рагатых драпежнікам не дазваляе металічная сетка. Ды і лайкі Белка і Аза сваю працу ведаюць. 

Час абеду ў аленяў асацыюецца з шумам квадрацыкла, на якім развозяць кармы. Жывёліны сустракаюць тэхніку ля ўваходу ў вальер і суправаджаюць да самай кармушкі. Сёння ў меню авёс і ячмень. 

Кармавую базу жывёлагадоўцы закладваюць самі. Год таму ўзялі ў арэнду ўгоддзі, нарыхтавалі сена. Гэтай вясной пасеялі ячмень, рыхтуюць зямлю пад траву. 

На ферме працуюць 12 чалавек. З пашырэннем поля дзейнасці будзе расці і штат. Акрамя племянной жывёлагадоўлі, у планах развіццё экалагічнага турызму для сапраўдных знатакоў дзікай беларускай прыроды.