У Гарадоцкім раёне сёння разгарнулася аперацыя па выратаванні рысяняці

10 января 2017

Маленькая лясная кошка - траўміраваная і знясіленая - прыбілася да падворка. Першую дапамогу ёй аказала гаспадыня. Зараз за жыццё жывёліны, якая занесена ў Чырвоную кнігу, змагаюцца ў віцебскім заапарку. Вольга Маслоўская пра неабыякавасць, якая з маразамі становіцца мацнейшай.

Госця на падворку Людміла Кароткая выявіла раніцай. У цемры адразу не зразумела - ці то сабака, ці то кот суседскі. Па вушах пазнала чырванакніжнага драпежніка. Толькі ад дзікага норава жывёліны амаль нічога не засталося.

Па памерах вызначылі - гэта яшчэ кацяня. Яно практычна не магло перамяшчацца, а значыць, хутчэй за ўсё, стала ахвярай дарогі. Дапамагчы жывёліне ўзяліся ў віцебскім заапарку. Рысі зрабілі абязбольвальны ўкол. У абласны цэнтр яна прыехала на заднім сядзенні аўтамабіля.

У заапарку для лясной кошкі выдзелілі самае цёплае месца. Пакуль яна будзе жыць у кабінеце дырэктара. Тут вельмі спадзяюцца выхадзіць жывёліну, а вось на падзяку не разлічваюць. Гавораць, прыручыць рысь практычна немагчыма.

Пітво са шпрыца, умацавальныя ўколы. Магчыма, спатрэбіцца аперацыя - у кошкі моцна пашкоджана задняя лапа. Пакуль рабіць прагнозы тут не адважваюцца. Мы будзем сачыць за лёсам дзікай кошкі і абавязкова распавядзём, якое імя далі ёй неабыякавыя людзі. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя