У Гомельскай вобласці запрашэнне прыйсці на выбары атрымалі больш як мільён жыхароў

10 октября 2015

Але ж інфармацыйная нагода на гэтым тыдні не толькі палітыка, але і сацыяльная сфера. У самым буйным рэгіёне пад кіраўніцтвам прафесара з Германіі праведзена першая ў Беларусі аперацыя па аднаўленні паяснічных пазванкоў. З Гомеля - Марына Севяр’янава.

У Гомельскай вобласці ўтворана тысяча семдзесят выбарчых участкаў - больш, чым у любым рэгіёне Беларусі. І гэта зразумела, бо яе тэрыторыя - самая вялікая ў рэспубліцы. Адкрыта і некалькі новых - у Гомелі і Мазыры. Ды і колькасць выбаршчыкаў адпаведная - звыш мільёна чалавек. А ўпершыню рэалізаваць сваё выбарчае права змогуць больш за трынаццаць тысяч жыхароў вобласці.

На выбарчых участках рэгіёна працуюць амаль 5 тысяч нацыянальных назіральнікаў. Акрамя таго, за арганізацыяй галоўнай палітычнай падзеі Беларусі прасочаць і назіральнікі ад міжнародных місій АБСЕ і СНД.

Першая ў Беларусі аперацыя па аднаўленні разбуранага пазванка прайшла ў Гомельскай абласной клінічнай бальніцы. 

Майстар-клас па яе правядзенні паказаў нямецкі прафесар. Унікальную аперацыю зрабілі ў новым аддзяленні хірургіі пазваночніка, якое адкрылася тут літаральна на днях.

Падчас аперацыі ў зламаны пазванок уставілі сіліконавы балон, які вытрымлівае значную нагрузку. Затым у яго поласць увялі спецыяльны касцяны сегмент. Ён умацоўвае пазванок і не дазваляе яму ламацца ў далейшым. Важна і тое, што аперацыя праводзіцца без разрэзаў. Для ўвядзення імплантата дастаткова толькі праколу. У новым аддзяленні працуюць хірургі, якія маюць адразу дзве спецыяльнасці - урача траўматолага-артапеда і нейрахірурга. Што дапамагае пры правядзенні аперацый на пазваночніку.

На тыдні адкрылася і аддзяленне рэабілітацыі ў раённай бальніцы Светлагорска. Тут будуць дапамагаць тым, хто перанёс інсульт альбо атрымаў чэрапна-мазгавыя траўмы. Новае аддзяленне разлічана на 25 чалавек. Сучаснае медыцынскае абсталяванне дазволіць выкарыстоўваць інавацыйныя методыкі лячэння. Раней, каб прайсці спецыялізаваны курс, мясцовых жыхароў адпраўлялі ў Гомель або суседні Жлобін.

Рэгіянальная медыцына будзе развівацца і далей. Ужо сёлета на базе Гомельскага шпіталя інвалідаў Айчыннай вайны першых пацыентаў прыме сасудзістае аддзяленне хуткага рэагавання, а ў Лоеве з'явіцца новая раённая бальніца.