У Гомелі ў рамках акцыі "Беларусь памятае!" прайшоў мітынг ля брацкіх магіл на Ляшчынскіх могілках

1 июля 2019

У Беларусі напярэдадні Дня Незалежнасці праходзяць маштабныя мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напярэдадні марафон памяці адкрылі піянеры з дзіцячага аздараўленчага цэнтра "Зубраня". Хлопчыкі і дзяўчынкі падзяліліся франтавымі гісторыямі сваякоў і ўсклалі кветкі да мемарыяла воінам-партызанам.

А сёння ў Гомелі ў рамках агульнарэспубліканскай акцыі "Беларусь памятае!" прайшоў мітынг ля брацкіх магіл на Ляшчынскіх могілках. Тут пахаваны савецкія салдаты, якія загінулі ў баях, а таксама больш за 800 мірных жыхароў, расстраляных падчас акупацыі Гомеля з 1941 па 1943 год. Памяць аб людзях, якія загінулі ў гэтай страшнай вайне, ушанавалі хвілінай маўчання. Да падножжа помніка леглі жывыя кветкі.

Гэтыя памятныя мясціны знаходзяцца пад апекай курсантаў ваенна-транспартнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Маладыя людзі даглядаюць пахаванні, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю.