У Гомелі змогуць мадэляваць аперацыі на пазваночніку

27 декабря 2016

Новыя тэхналогіі ў медыцыне. У Гомелі распрацоўваецца праграмны прадукт, які дазволіць мадэляваць аперацыі на пазваночніку.  3D-праграма будзе самастойна пралічваць аптымальны курс лячэння, метад хірургічнага ўмяшання і спосабы рэабілітацыі.  Як ствараецца інавацыйны прадукт, даведвалася Вольга Халадовіч.

Дбайна і акуратна прамалёўваюць кожны пазванок - распрацоўшчыкі 3Д-праграмы гэтак жа засяроджаныя, як і ўрачы ў аперацыйнай. Для таго каб малюнак атрымаўся максімальна дакладны, не толькі вывучалі тэорыю, але і прысутнічалі на аперацыях.

Уладзімір Камракоў, дацэнт кафедры факультэта аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм ГДТУ імя П. В. Сухога: "У нас у краіне, наколькі мне вядома, такіх распрацовак не праводзіцца. На досыць сур'ёзным сусветным узроўні мы пачынаем зараз працаваць. Мы задумваемся, каб падлучыць элементы штучнага інтэлекту. Г.з. пакуль канчаткова не сфарміравалася канцэпцыя, але думаем, што так, будзе прагноз і з боку самога праграмнага прадукту".

Новы трохмерны эксперымент - прадукт сумесны. Удзельнікі праекта - студэнты, аспіранты, выкладчыкі і медыкі. Праграма павінна стаць максімальна зразумелай для дактароў і максімальна эфектыўнай для пацыентаў.

Ігар Цалко, магістрант кафедры факультэта аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм ГДТУ імя П. В. Сухога: "У мяне адна з самых галоўных роляў - менавіта распрацоўка інтэрфейсу, тое, што будзе бачыць урач, і тое, чым ён будзе карыстацца. Зрабіць такую праграму, каб урачу было зручна карыстацца, каб гэта было хутка і давала вынікі, якія ўрачом добра распазнаюцца - гэта ён можа з лёгкасцю растлумачыць пацыенту, - гэта таксама немалаважная задача".

Выбраць курс лячэння, метад хірургічнага ўмяшання і зразумець, колькі часу зойме рэабілітацыя. Усе маніпуляцыі спачатку пралічвае камп'ютар, і толькі пасля гэтага пачынаецца праца нейрахірурга.

Два рэнтгенаўскія здымкі і камп'ютарная тамаграфія - гэтага досыць, каб стварыць трохмерную мадэль пазваночніка. 46 пацыентаў ужо сталі ўдзельнікамі эксперыменту. Дзякуючы новай праграме нейрахірургі могуць не толькі ўбачыць любы пазванок, але і ацаніць стан нерваў і органаў, на якія ён уплывае.

Гэта - спецыялізаванае аддзяленне хірургіі пазваночніка Гомельскай абласной клінічнай бальніцы. За год тут праходзіць лячэнне больш як двух тысяч чалавек. Прыкладна палове з іх неабходна хірургічнае ўмяшанне.

Яўген Цітко, урач-нейрахірург 1-га нейрахірургічнага аддзялення Гомельскай абласной клінічнай бальніцы: "80% насельніцтва пакутуе ад дэгенератыўна-дыстрафічных захворванняў і каля 10% становяцца інвалідамі на фоне гэтага захворвання. Але паловы выпадкаў можна пазбегнуць. Магчымыя нейкія метады кансерватыўнай тэрапіі і рэабілітацыі, неабходна выкарыстоўваць на больш ранніх этапах. А не выконваць хірургічнае ўмяшанне".

Завяршыць распрацоўку праграмнага забеспячэння плануюць праз год. Тады комплекс 3Д будзе ўкаранёны ў аддзяленне нейрахірургіі пазваночніка Гомельскай абласной бальніцы. Дарэчы, гэтай праграмай зацікавіліся і ў іншых медыцынскіх установах рэгіёна.