У Гомелі сёння адзначаюць 75 гадоў з дня вызвалення горада

26 ноября 2018

Памяць нашчадкаў аб подзвігу і самаахвярнасці іх дзядоў і прадзедаў уваскрашае герояў мінуўшчыны. У Гомелі сёння адзначаюць 75 гадоў з дня вызвалення горада. Ён стаў першым абласным цэнтрам краіны, які здабыў свабоду ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У барацьбе за яе загінулі дзясяткі тысяч салдат Савецкай арміі. Кропку ў бітвах байцы паставілі 26 лістапада 1943 года на берагах ракі Сож. Пра тое, як Гомель адзначыў свой другі дзень нараджэння, у рэпартажы Ганны Кавалёвай.

20 дзён Гомельска-Рэчыцкай аперацыі і прарваная на 100 кіламетраў абарона праціўніка. За вызваленне Гомеля тады аддалі жыцці больш чым 20 тысяч чырвонаармейцаў. Перамогу дапамагалі набліжаць і партызанскія злучэнні. Падзеі 75-гадовай даўнасці леглі на старонкі падручнікаў.

Да дня вызвалення абласнога цэнтра ажывіць іх узяліся ваенна-гістарычныя клубы.

Рэканструктары з Беларусі і Расіі ўзнавілі баявыя дзеянні 1943 года, што разгортваліся ў лістападзе на беразе Сожа. Каб на свае вочы ўбачыць гісторыю, сюды прыйшлі каля тысячы людзей.

Спецэфекты рыхтавалі прафесійныя піратэхнікі. Выкарыстаныя таксама аўтэнтычныя касцюмы 1940-ых гадоў і больш за дзясятак унікальных узораў тэхнікі.

Сярод рэканструктараў пастаноўкі пад адкрытым небам звычайныя людзі. Каля ста чалавек. І амаль у кожнага дзяды і прадзеды ваявалі ў той вайне, у некаторых удзельнічалі ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі.

Узнавілі і побыт таго часу. У цэнтры горада арганізавалі фестываль палявых кухняў. Повары прыгатавалі класічны салдацкі абед. У меню супы, кашы і гарбата па рэцэптурах, набліжаных да рацыёну байцоў Чырвонай арміі.

Палявая кухня таго часу - гэта звычайна адзін або некалькі катлоў, аддзяленні для захоўвання прадуктаў і кухонных прылад. Напрыклад, вось гэтая - 1942 года. Яе часткі збіралі ў розных краінах былога СССР. Сёння такі перасовачны комплекс адзіны ў краіне.

Пасля 800 дзён акупацыі і адступлення немцаў Гомель застаўся ў руінах. Сёння ля Вечнага агню цяперашняе пакаленне абласнога цэнтра ўшанавала памяць тых, хто адваяваў не толькі свабоду горада, але і яго аблічча.