У Гомелі распрацоўваюць тэхналогію лячэння цырозу печані з дапамогай стваловых клетак

6 февраля 2017

Прарыў у медыцыне. У Гомельскім медуніверсітэце распрацоўваюць унікальную тэхналогію безаперацыйнага лячэння цырозу печані з дапамогай стваловых клетак. Пакуль альтэрнатыўны метад праходзіць праверку на лабараторных жывёлінах, але ў найбліжэйшы час навукоўцы пачнуць клінічныя выпрабаванні. Прадоўжыць тэму Вольга Халадовіч.

Вось так выглядаюць клеткі печані, пашкоджанай цырозам. На гэтай стадыі пацыенту можа дапамагчы толькі перасадка органа. Але ў Гомельскім медуніверсітэце ўпэўнены - ёсць альтэрнатыўны метад лячэння. Гэта трансплантацыя стваловых клетак. Прычым матэрыял можна атрымаць як ад донара, так і ад самога пацыента з тлушчавай тканкі або касцявога мозгу.

Мышы, пацукі і трусы сталі першымі паддоследнымі гомельскіх навукоўцаў. Лабараторныя доследы пацвердзілі - біятэхналогіі эфектыўныя.

У паддоследных няма мянушак, толькі лабараторны нумар. У гэтага, напрыклад, 168. Зараз яму ўводзяць таксіны, якія выклікаюць цыроз печані. А затым пры дапамозе ўласных стваловых клетак пачнецца лячэнне.

Кожны год цыроз печані ў Беларусі дыягнастуюць прыкладна ў 1.5 тысячы чалавек. У 35 выпадках з тысячы пацыенты не ў стане дачакацца трансплантацыі.

Алкагольная залежнасць, раслінныя яды, вірус гепатыту, аўтаімунныя захворванні - асноўныя прычыны ўзнікнення цырозу печані. У гэтага хранічнага захворвання адзін радыкальны метад лячэння - перасадка. Зараз такія аперацыі робяць толькі ў сталіцы. Згодна з лістом чакання.

Жанна Каліноўская, загадчык аддзялення Гомельскай абласной клінічнай бальніцы: "Як любая аперацыя яна мае і свае медыцынскія паказанні, і супрацьпаказанні. З'яўляецца дарагой аперацыяй. Зноў жа пацыенты пажыццёва прымаюць пэўныя лекавыя сродкі. У структуры смяротнасці сярод усіх пацыентаў гастраэнтэралагічнага профілю пацыенты з цырозамі печані займаюць больш за 50 %, а ў працаздольным узросце гэты працэнт больш за 60".

У найбліжэйшыя гады навукоўцы плануюць перайсці да клінічных выпрабаванняў. Разам з медыкамі яны будуць падбіраць пацыентаў, якім змогуць дапамагчы біямедыцынскія клетачныя тэхналогіі. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя