У Гомелі прайшла прэзентацыя праекта па бяспечным захоўванні і рамонце стралковай зброі

18 марта 2015

У гэтае памяшканне не трапляюць нават тыя салдаты, якія праходзяць тут службу. Выключэнне зрабілі для прадстаўнікоў ААН і АБСЕ і прэсы. Прэзентацыю праекта па бяспечным захоўванні і рамонце стралковай зброі правялі на базе адной з ваенных часцей Гомеля. Дзяржавамі - удзельнікамі АБСЕ і Еўрапейскім саюзам на фінансаванне выдаткавана больш за тры мільёны долараў. Асноўная мэта праекта - павысіць узровень захаванасці зброі на тэрыторыі нашай краіны і ўмацаваць гарантыі асабістай бяспекі грамадзян. Беларусь, па меркаванні ўдзельнікаў праекта, можа служыць прыкладам.

Санака Самарасінха, каардынатар сістэмы ААН - Пастаянны Прадстаўнік ПРААН у Беларусі: "Тое, што я бачыў, мяне рэальна ўразіла. Тут арганізавана сістэматычна, у адпаведнасці з лепшымі еўрапейскімі стандартамі. На дадзены момант мы ўжо завяршылі працу па абсталяванні васьмі аб'ектаў, і зараз працягваецца праца па пошуку сродкаў для пяці астатніх. Найважнейшае - гэта абмен ведамі, сучаснымі тэхналогіямі, прадастаўленне магчымасці навучання для персанала. Асноўны вынік гэтага праекта - канструктыўнае супрацоўніцтва паміж ААН, Еўрасаюзам і ўрадам Рэспублікі Беларусь. Гэты пазітыўны вопыт трэба працягваць".

Беларускі бок распрацаваў праграмнае забеспячэнне дадзенага праекта і гатовы падзяліцца ноу-хау з іншымі краінамі. Нашымі распрацоўкамі ўжо зацікавіліся калегі з Міністэрства абароны Кіргізіі.