У Гомелі павіншавалi жанчын, якія сёлета нарадзілі двайнятак

13 октября 2018

У Гомелі напярэдадні свята вырашылі павіншаваць жанчын, якія сёлета нарадзілі двайнятак. Дарэчы, гэтая з’ява даволі рэдкая і прагназаванню не паддаецца. У паўднёвым рэгіёне такімі мамамі з пачатку года сталі 56 жанчын. Для некаторых нараджэнне двайнятак было не новым вопытам. Пра жанчын, годных ордэна, і статыстычны вобраз маці XXI стагоддзя - у рэпартажы Ганны Кавалёвай.

Калі чарговы раз Лілія вырашыла стаць мамай, не меркавала, што на свет з’явяцца адразу двое. Ні па яе радавой лініі, ні па лініі мужа двайняты ніколі не нараджаліся. Але, насуперак законам генетыкі, тры месяцы таму ў сям’і Маскоўкіных з’явіліся Каця і Захар.

Мара дзяцінства спраўдзілася. Сёння ў Ліліі - шасцёра дзяцей. Пры гэтым двайнятак сярод іх адразу дзве пары. Старэйшыя Коля і Ягор падобныя не толькі з твару. Адзін стыль у адзенні і адно захапленне на дваіх: зараз у якасці падарунка да Дня маці хлопчыкі рыхтуюць музычны нумар.

Праз 9 месяцаў Лілію прадставяць да дзяржаўнай узнагароды - ордэна Маці. А пакуль напярэдадні 14 Кастрычніка запрасілі на ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў аб нараджэнні малодшых дзяцей. У Гомелі такім чынам вырашылі адзначыць жанчын, якія сёлета нарадзілі двайнятак.

Увогуле статыстыка нараджальнасці двайнятак заканамернасцяў не прымае. Аднак за апошняе дзесяцігоддзе адзначаюцца і пікавыя часы. Для Гомельскай вобласці такім перыядам быў 2015.

Дарэчы, летась мамамі двайнятак сталі 1 099 беларусак. А вось трайняткі з'явіліся на свет ўсяго ў 16 жанчын.

Усё часцей беларускі становяцца мамамі пасля 26. І гэты ўзроставы рубеж увесь час павышаецца. Жанчыны ў першую чаргу імкнуцца дасягнуць кар'ерных поспехаў і толькі потым заводзяць дзяцей.

Сярод жыхарак Гомельскага раёна рэкардсменкай з'яўляецца жанчына, якая нарадзіла і выхоўвае 14 дзяцей. І ўвогуле колькасць шматдзетных сем'яў у вобласці штогод расце прыкладна на 9 %. Гэтаму спрыяе і сістэма дзяржпадтрымкі. У краіне існуе 11 відаў дапамогі. Апошнія тры гады - і сямейны капітал. С 2015 толькі ў Гомельскай вобласці яго атрымалі больш за 9 000 сем’яў.