У Гомелі з'явіўся Палац водных відаў спорту

17 сентября 2013

Яго адкрыццё прымеркавалі да Дня горада. Новы спартыўны аб'ект аб'яднаў пад адным дахам адразу тры басейны. Плавальны, для скачкоў з трампліна і дзіцячы. Тут зараз можна прымаць спаборніцтвы любога ўзроўню. У тым ліку і пад эгідай Алімпійскага камітэта.


Расказвае Вольга Халадовіч: Ён уражвае сваім размахам і ўнікальнасцю. І не ідзе ў параўнанне са звычайнымі плавальнымі басейнамі. Спецыялісты гавораць: Нічога падобнага да апошняга часу - ні ў Гомелі, ні ў вобласці не было.


У новым палацы тры басейны - аб'яднаныя пад адным дахам. 25 на 17 метраў - гэта плошча скачковага басейна. У ім пяць трамплінаў. Ад метра да дзесяці. На самы высокі не тое, што ўзбірацца, глядзець дух захоплівае. Прыкладна такія ж адчуванні і ў басейне плавальным. У адрозненне ад звыклых 25 тут даўжыня дарожкі 50 метраў. Без спецыяльнай падрыхтоўкі - за раз і не адолець.


Новы палац разлічаны не толькі на падрыхтоўку прафесійных спартсменаў. Займацца тут змогуць і звычайныя гараджане. Адначасова гэтыя басейны могуць змясціць да 300 чалавек. І прымаць любыя міжнародныя старты. Аж да Алімпійскіх. Засталося толькі прайсці акрэдытацыю.


Дарэчы, пяць з паловай тысяч кубоў вады ў трох басейнах абыходзяцца без усякага хлору. Для абеззаражання выкарыстоўваецца звычайная павараная соль. Яе выпускаюць у Мазыры. І па сваіх якасцях яна больш бяспечная і не ўступае хлору.