У Гомелі з'явіўся Дом для ўсіх

3 мая 2014

У Год гасціннасці ў Гомелі з'явіўся першы ў Беларусі Дом для ўсіх. Спыніцца тут можа любы падарожнік, які калясіць па свеце. Дом уяўляе сабой звычайную кватэру ў прыгарадзе Гомеля і належыць такому ж бываламу вандроўніку. Праект Дом для ўсіх у свеце існуе ўжо шмат гадоў. І рэалізуецца на некамерцыйнай аснове. Падарожнікі, скарыстаўшыся паслугамі дома, могуць бясплатна атрымаць не толькі часовы дах над галавой, але і мінімальныя бытавыя выгоды: электрычнасць, гарачую ваду, пральную машыну і доступ у Інтэрнэт. У абмен на выгоды цывілізацыі ад гасцей-падарожнікаў чакаюць жывых зносінаў.


У гомельскім Доме для ўсіх ужо пабывалі некалькі дзясяткаў гасцей. А ў найбліжэйшыя дні чакаюць сапраўднага наплыву ахвотнікаў, якія жадаюць трапіць у Беларусь напярэдадні сусветнага хакейнага чэмпіянату.