У Еўропе і ў нашай краіне адзначылі Дзень вязняў нацысцкіх канцлагераў

14 апреля 2013

Гавораць, у гэтай цемры ззянне цывілізацыі пагасла. 11 красавіка споўнілася 68 гадоў з дня вызвалення вязняў аднаго з самых страшных месцаў, ад адной назвы якога да гэтага часу дрыжыкі бяруць. Бухенвальд. Гэты той самы лагер, дзе катавалі, забівалі і ставілі на людзях нечалавечыя эксперыменты. Менавіта тут увесь нацысцкі цынізм выказалі ўсяго адной фразай   - Кожнаму сваё. Гэты надпіс бачыў кожны, хто ўваходзіў. А такіх былі сотні тысяч толькі тут і мільёны па ўсёй акупаванай Еўропе.  Наперадзе наша самае галоўнае майскае свята - Дзень Перамогі. Але наўрад ці радасць ад яго будзе поўнай без усведамлення гэтага боку, поўнага болю і жаху. 


 


Рэпартаж Руслана Туркова. Гэтую пліту ў Бухенвальдзе зімой ніколі не замятае снегам. І справа зусім не ў нямецкай акуратнасці, а хутчэй у крэатыўнасці архітэктара. Тэмпература паверхні 36,6 градуса,  як  у чалавека. На пліце спіс. Сюды трапілі краіны, вязні з якіх загінулі ў лагеры смерці. Сярод нацый заўважаем і беларусаў. Для Вольгі, якая працуе тут ужо амаль чатыры гады экскурсаводам,  гэты сумны напамінак пра радзіму і людзей, якія прайшлі скрозь голад, знявагу і рабскую працу. Дзяўчына родам з Пінска. Бухенвальд быў адным з найбуйнейшых канцэнтрацыйных лагераў на тэрыторыі Германіі. Тут за калючым дротам нацысты праводзілі медыцынскія эксперыменты, расстрэльвалі савецкіх салдат. Прычым 8 тысяч вайскоўцаў знішчылі ў мясцовай стайні. Гэты растамер захавалі ў музеі. Пад выглядам медыцынскага агляду нацысты заводзілі чалавека ў пакой, вымяралі рост, а ў гэты час праз спецыяльную адтуліну стралялі зняволенаму ў патыліцу. Гавораць, што нават падлога ў гэтым месцы была пафарбаваная ў чырвоны колер, каб наступны вязень не заўважыў слядоў крыві. Камендант Карл Кох вельмі любіў забавы. За маёй спінай знаходзіцца заапарк, дзе ён утрымліваў бурых мядзведзяў, а вось тут за калючым дротам знаходзіліся зняволеныя і ў 45 годзе на тэрыторыі крэматорыя сам Карл Кох быў расстраляны за карупцыйныя злачынствы. 11 красавіка 1945 года вязні, даведаўшыся пра набліжэнне Чырвонай арміі, узнімаюць паўстанне і бяруць пад свой кантроль лагер. У палон трапляюць 80 салдат аховы. З тых часоў 11 красавіка ўваходзіць у гісторыю як Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх лагераў. Усяго за час існавання Бухенвальда праз яго вароты з філасофскім надпісам Кожнаму сваё прайшло больш за 250 тысяч вязняў. Каля 56 тысяч засталіся там назаўжды. У архівах фонду Паразуменне і прымірэнне больш за 120 тысяч прозвішчаў беларусаў,  на руках якіх засталося кляўмо ў выглядзе асабістага лагернага нумара. Прычым 18 тысячам тады ў гады вайны яшчэ не было і 15-ці. У нацыстаў нават былі свае лагеры для дзяцей.  Адзін з такіх  - нацысцкі канцлагер у Латвіі Саласпілс, дзіцячы барак тут стаяў асобна. 8-гадовы рыжанін Яраслаў Ганкевіч яшчэ па дарозе ў той самы Саласпілс сказаў, што адразу пойдзе менавіта да гэтай мемарыяльнай пліты. Не спыніў хлопчыка нават глыбокі снег - зімой тут, мяркуючы па ўсім, расчышчаюць толькі цэнтральную пляцоўку комплексу. Але цацкі і цукеркі там, дзе быў дзіцячы барак, ляжаць заўсёды. Колькіх малых загінула ад пакут фашыстаў у гэтым лагеры, дакладна не ведае ніхто, увесь архіў немцы спалілі перад прыходам савецкіх войскаў у Латвію ў 44-м. Паводле адной  версіі, першых малышоў прывезлі сюды пасля адной з самых жорсткіх і крывавых карных аперацый гітлераўскай Германіі пад назвай Зімовае чараўніцтва. За паўтара месяца ў 1943-м нацысты толькі ў Беларусі спалілі амаль паўтысячы вёсак. У памяць аб загінуўшых і пакалечаных у Саласпілсе ў канцы 60-х узвялі мемарыяльны комплекс. Манументальныя скульптуры ў цэнтры, расстрэльная сцяна ў самым далёкім куце і, вядома, Вечны агонь практычна ля самога ўваходу. Праз амаль 70 гадоў  і да той вайны, і да гэтага месца ў Латвіі ставяцца па-рознаму. Адны спрачаюцца аб назве - працоўны гэта быў лагер або канцэнтрацыйны, другія - аб колькасці загінуўшых. Адзінае, аб чым не спрачаюцца ніколі, гэта аб тым, што тут ні за  што паміралі  дарослыя і дзеці. І хоць  Вечны агонь на цэнтральнай пляцоўцы ўжо даўно не гарыць, кветкі і лампады самі латышы і замежныя турысты прыносяць у Саласпілс кожны дзень. А ў адказ чуюць  біццё сэрцаў - метраном, гавораць, адносна нядаўна ўсё ж адрамантавалі. Усяго на тэрыторыі акупаваных фашыстамі краін і ў самой Германіі падчас Другой сусветнай вайны дзейнічала 14 тысяч лагераў смерці. Паводле прызнання саміх карнікаў, вязень, працягласць жыцця якога ў лагеры складала менш як год, прыносіў нацыстам амаль паўтары тысячы рэйхсмарак чыстага прыбытку. За гады Другой сусветнай праз фабрыку смерці прайшлі 18 мільёнаў чалавек, 11 мільёнаў з іх так і не вярнуліся дадому.