У гэты суботнік асаблівая ўвага малой радзіме

21 апреля 2018

Дзе прайшло дзяцінства, там і пачынаецца Радзіма. Несмяротныя радкі з беларускай літаратуры сёння асабліва важныя. Бо ў эпоху глабалізму, калі свет рухаецца з неверагоднай хуткасцю, вельмі лёгка страціць самае важнае – бацькоўскі дом, сувязь з ім. І прыехаць дахаты, пасадзіць дрэва або пабудаваць альтанку - дробязі, якія можна і нават трэба рабіць, нягледзячы на статус і ўзрост. Тры мільёны беларусаў на суботніку гэта пацвердзілі. Каманда Агенцтва тэленавін сёння правяла цэлы дзень з людзьмі, якія адгукнуліся на заклік роднай зямлі.

Расказвае Аляксей Волкаў. Дом ветэранаў у Ждановічах размешчаны ў маляўнічым месцы. На суботнік сюды едуць заўсёды з задавальненнем. Каля 100 чалавек пад пільным позіркам Уладзіміра Ільіча літаральна за дзве гадзіны прывялі ў парадак усю тэрыторыю. Сярод валанцёраў мы заспелі і міністра працы Ірыну Касцевіч за мыццём вокнаў.

Наўрад ці беларусаў можна абвінаваціць у нелюбові да чысціні - суботнік падтрымалі амаль 3 мільёны чалавек. Грошай на дабрачыннасць сабралі каля 7 мільёнаў рублёў. А вось на радзіме Якуба Коласа і прэм'ер-міністра ў Стаўбцоўскім раёне сёння з'явіўся цэлы лес. 15 тысяч саджанцаў хвоі і бярозы ўдзельнікі рэспубліканскай працоўнай акцыі высадзілі на 3 гектарах зямлі.

Сафійскі сабор у Полацку - яшчэ адна важная геаграфічная пазнака на карце суботніка. Унікальнае месца дыхае гісторыяй, мясцовыя жыхары да яго ставяцца трапятліва. Дарэчы, летась тут з'явіўся памятны знак "Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці".

Успомніць дзяцінства, першыя крокі ў вялікае жыццё. Настальгія па родных месцах ахапіла і Наталлю Качанаву.

Не радзей за два разы на год бывае Валерый Вакульчык у родных месцах. Аграгарадок Радастава засяляе 1200 чалавек. І доўга не маглі вырашыць пытанне з дзіцячым садком. Зараз там горкі, пясочніца і кветнікі.

Суботнік яшчэ і той выпадак, калі БТ не толькі гаворыць і паказвае. Замест камер і мікрафонаў - граблі і лапаты. Ранішні дэсант з вядучых, карэспандэнтаў і кіраўнікоў высадзіўся на Макаёнка, 9. Вынік студыйнага суботніка - 50 новых хваёвых дрэў і добры настрой.

Лейтматыў гэтага года - клопат аб малой радзіме. У родны горад накіраваўся і кіраўнік нашага медыяхолдынга. Іван Эйсмант прыняў удзел у пасадцы дрэў на тэрыторыі Гродзенскай абласной тэлерадыёкампаніі.

О, уборка, ты спорт! З такім дэвізам на суботнік выйшлі жыхары Дзятлава на мясцовы стадыён. У асноўным складзе - гульцы хакейнай каманды.

Дзесьці ў гэтых месцах, быўшы школьнікам, вучыўся катацца на каньках і гуляць у хакей Міхаіл Орда.

Фінал вялікага прыбіральнага марафону ў Гомельскім рэгіёне - рэканструкцыя дзіцячай абласной бальніцы. Падахвоціліся дапамагчы студэнты - усяго тры з паловай тысячы.

Чырвоную стужачку ўрачыста перарэжуць ужо летам. Як і яшчэ на адным даўгабудзе. Стадыён "Дынама" знаходзіць фінальныя контуры. Арэна атрымае чатыры зоркі УЕФА - гэта максімум, але сёння там засыпала пясок пяцізоркавая каманда. Капітан - Максім Рыжанкоў. Бяспека - найвышэй за ўсё, у тым ліку і экалагічная. Таму Савет бяспекі сумясціў свой суботнік з "Тыднем лесу".

Дарэчы, на гэтае інтэрв'ю Станіславаў Зась пагадзіўся толькі з адной умовай: здымачная група АТН таксама далучыцца да суботніка. Так што, пад чуткім кіраўніцтвам дзяржсакратара Савета бяспекі мой калега Юрый Шаўчук пасадзіў дрэва, засталося пабудаваць дом і выгадаваць сына.

Лесвічны спуск у магілёўскім парку адпачынку Падніколле, ды яшчэ і з фантанамі. Звышзадача мэрыі горада, якую падтрымалі гараджане справай - зоркі і лапаты сышліся. На будаўніцтва пайшло амаль шэсць тысяч кубаметраў бетону.

Суботнік - гэта яшчэ і ўнікальная магчымасць пагаварыць без гальштукаў, скажам, з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалаем Снапковым. Ён, як і Валерый Міцкевіч, зазірнуў у родны край. У працоўнай абойме і Уладзімір Вашчанка.

У Лагойскім раёне парадак на зямлі наводзілі дзяржаўныя кантралёры. На тэрыторыі мясцовага лясгаса ішлі працы па пасадцы дрэў.

Усё вялікае пачынаецца з малога. І ахапіць маштабы суботніка ў адным матэрыяле амаль немагчыма. Ад маленькага кусціка ў родным двары да мемарыяльных комплексаў - усё гэта частка нас - беларусаў. Прыбіраць бруд не сорамна, сорамна жыць у брудзе. І Белая Русь застанецца такой, толькі калі малая радзіма кожнага з нас будзе дыхаць жыццём і чысцінёй.