Сёлета выстава TIBO сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў.

23 апреля 2014

Інфармацыйную будучыню беларусаў сёння можна не толькі ўбачыць, але і літаральна акунуцца ў яе на форуме TIBO. Сёлета выстава інавацый у IT-сферы сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў. На пляцоўцы ў Футбольным манежы размясціліся адразу дзве найбуйнейшыя экспазіцыі. Побач з гаджэтамі і праектамі - форум СМІ ў Беларусі.


Расказвае Ксенія Рабчынская.


Гэта нават не віртуальная рэальнасць, а хутчэй рэальная віртуальнасць. Усё, што адбываецца на экране, - у спецыяльных акулярах - здаецца сучаснасцю. Першы намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі прызнаецца, за некалькі хвілін паспеў убачыць тэлебачанне будучыні.


Мабыць, менавіта такое акунанне ў IT-свет - галоўны атракцыён TIBO. Пад дэвізам Твая інфармацыйная будучыня ўжо 21 раз на найбуйнейшай высокатэхналагічнай выставе паказваюць, што стане нашай рэальнасцю заўтра. Вось, напрыклад, скайп на хатнім тэлефоне. Гэта функцыя, усміхаюцца распрацоўшчыкі, будзе асабліва папулярная ў нашых бабуль. Вось гатовы дадатак для электроннага дакументаабароту. Прычым працаваць з ім можна нават аддалена - уся інфармацыя захоўваецца ў спецыяльным воблаку ў Інтэрнэце. Тут жа прапануюцца і самыя апошнія распрацоўкі з 20 краін свету - ад стадыі ідэі да зусім рэальных дэвайсаў.


А гэта ўжо не тэхналогіі будучыні, гэта сучаснае. Тое, аб чым марылі пісьменнікі-фантасты, разумны дом - гэта дом, які думае за вас. Больш не трэба турбавацца пра не выключаны чайнік. Гэтыя непрыкметныя гаджэты справяцца з любой задачай за вас. Каб кіраваць сваёй кватэрай, дастаткова проста ўзяць з сабой ў любы пункт свету планшэт або тэлефон.


І ўжо традыцыйна форум аб'ядноўвае адразу 2 экспазіцыі. Тут жа сёння адкрылася і найбуйнейшая выстава СМІ ў Беларусі. За некалькі крокаў ад газет, радыё і тэлеканалаў з 6 краін свету - тэхналогіі, якія забяспечаць развіццё прэсы.


Уладзімір Матусевіч, намеснік Міністра інфармацыі Беларусі: У працы тых жа нацыянальных тэлеканалаў, асабліва Белтэлерадыёкампаніі, інтэрнэт-сегмент мае вельмі ўстойлівы характар. Фактычна, шмат у чым гэта сёння ўжо паўнавартаснае інтэрнэт-тэлебачанне.


У прэзентацыі стэнда галоўнага медыяхолдынга краіны - лепшыя праекты 2014 года і спадарожнікавы тэлеканал Беларусь 24.


Тут жа, на выставе СМІ, некалькі дзясяткаў семінараў для журналістаў. Гавораць, у тым ліку, і пра развіццё традыцыйнай прэсы. А за некалькі крокаў дэманструюць традыцыйныя паштовыя адпраўленні. У век камп'ютараў лісты і пасылкі спачатку будуць прыходзіць вам у электронным выглядзе, а ўжо потым іх можна забраць у любым паштамаце на вуліцы - яны павінны з'явіцца па ўсёй краіне.


Усяго на выставе экспануецца больш за 300 IT-брэндаў. Форум TIBO завершыцца 25 красавіка, тады ж будуць падведзены вынікі конкурсу інавацыйных стартапаў у сферы IT. Пераможца атрымае магчымасць з анлайн перанесці свой праект у рэальнасць.