Сёлета ў Беларусі плануюць узвесці больш як 130 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля

4 апреля 2020
Будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў. Сёлета ў Беларусі плануюць узвесці больш за 130 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля. Большасць такіх дамоў з'явіцца ў сталіцы, а таксама ў Мінскай і Брэсцкай абласцях. Адначасова ўзводзяць і іншыя сацыяльна значныя аб'екты. Так, у Мінску адкрыюць некалькі новых школ і дзіцячых садоў. Прырастае не толькі сфера адукацыі, але і аховы здароўя. У Жодзіне будуюць вялікую дзіцячую паліклініку, а на чарзе і цэлы мікрараён. Пра развіццё гарадоў у Цэнтральным рэгіёне краіны - Аляксей Кандраценка.   

Горад машынабудаўнікоў Жодзіна вядомы не толькі тым, што тут ствараюць кар'ерныя самазвалы "БелАЗ". Гэта яшчэ і цэнтр беларускіх вучоных-аграрыяў. Адносна малады горад заўсёды рухаецца наперад, што прыкметна і ў сацыяльнай сферы.  

У Жодзіне сёння пражываюць 65 тысяч чалавек. Тэндэнцыя такая, што апошніх сем гадоў дэмаграфія горада плюсуе. Нямала сем'яў, дзе нараджаецца чацвёртае ці пятае дзіця.  

Сёлета ў горадзе машынабудаўнікоў пачнуць узводзіць новы мікрараён - 14 дамоў - прыкладна паўтары тысячы кватэр. Спецыяльна для гэтага адвялі зямлю. Адначасова з'явяцца і новыя працоўныя месцы. У Жодзіне знаходзяцца некаторыя пляцоўкі свабоднай эканамічнай зоны "Мінск", куды прыходзяць новыя інвестары. 

Сацыяльную ж сферу ўзмоцніць новая вялікая дзіцячая паліклініка, якую будуюць у самым цэнтры Жодзіна. Побач будзе пляцоўка для прагулак. Аб'ект ўзводзіцца не па тыпавым, а індывідуальным праекце. Але галоўнае новы будынак - гэта максімум магчымасцей для сістэмы аховы здароўя горада машынабудаўнікоў. 

Папаўненне ў сістэме аховы здароўя чакаюць таксама і такія сталічныя гарады-спадарожнікі, як Смалявічы і Заслаўе, дзе пабудуюць новыя паліклінікі. Свае планы і ў Барысава. 

Вялікай падмогай для многіх бацькоў у розных кутках цэнтральнага рэгіёна сёлета стануць і дзесяць новых дзіцячых садкоў. Большая частка з іх адкрыецца ў  Мінскім - самым густа населеным з усіх раёнаў краіны.