Беларусь маштабна адзначае Дзень Незалежнасці

3 июля 2018

Уся краіна маштабна адзначае галоўнае свята суверэннай дзяржавы -- Дзень Незалежнасці.

Святочны марафон працягвае і Агенцтва тэленавін. У студыі Паліна Шуба і Сяргей Лугоўскі. Са святам, родная Беларусь!

Асаблівая дата для нашага народа, бо падзеі тых гадоў закранулі ў літаральным сэнсе кожную сям'ю. Яны засталіся ў нашай памяці і ў бясконцай удзячнасці тым, хто цаною жыцця абараніў волю і незалежнасць. Нацыя, якая ўступіла ў смяротную сутычку з ворагам за родную зямлю, непераможная. Гэта падкрэсліў сёння Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ва ўрачыстай прамове перад ваенным парадам.

Мінск вызвалены 74 гады таму. У барацьбе з бязлітасным агрэсарам нашы суайчыннікі прадэманстравалі непахісную волю, цвёрдасць і сілу духу. Беларусы не пакарыліся фашысцкім акупантам, разам з іншымі братэрскімі народамі перамаглі ў самай страшнай і крывавай вайне XX стагоддзя. На жаль, і сёння на планеце неспакойна.

Беларускі лідар павіншаваў усіх з Днём Незалежнасці. З асаблівай павагай звярнуўся да ветэранаў, якія ў свой час абаранілі для нас права жыць на роднай зямлі.

Сёлета фармат парада пашыраны. У ім прымаюць удзел вайскоўцы не толькі Расіі, але і ўпершыню Кітая. У парадзе задзейнічана 5 тысяч вайскоўцаў, 260 адзінак тэхнікі.

Упершыню гледачы ўбачылі "Шэршня" на платформе беларускага "Волата". Гэта айчынная найноўшая распрацоўка, якая пацвердзіла высокі ўзровень беларускага ваенпрама ў сегменце супрацьтанкавых ракетных комплексаў.

Першы раз шырокай публіцы прадэманстраваны і мадэрнізаваны БТР-70, а таксама навінка - супрацьтанкавы робат "Багамол". Вышэйшы пілатаж паказаў у небе і паветраны эшалон.

Майстэрству пілотаў не саступала і рота ганаровай варты - элітнае падраздзяленне. Пляц-канцэрт здзівіў гледачоў новымі высокатэхнічнымі фігурамі і зладжанымі рухамі 115 чалавек.

Унікальная методыка падрыхтоўкі дазваляе дасягаць самага высокага ўзроўню майстэрства ў авалоданні найскладанейшымі страявымі прыёмамі. Нават знаёмыя беларусам элементы - "кветка" або "даміно" - сёння зайгралі па-новаму.

Парад зноў падарыў гледачам незабыўныя эмоцыі і стаў прыгожай дэманстрацыяй сілы беларускай арміі.