Сёлета атэстаты аб сярэдняй адукацыі атрымаюць больш за 57 тысяч чалавек

10 июня 2016

Героі нашага наступнага матэрыялу афіцыйна сёння выходзяць з дзяцінства і, як любяць гаварыць настаўнікі, уступаюць у дарослае жыццё. У беларускіх школах праходзяць выпускныя вечары. Сёлета атэстаты аб сярэдняй адукацыі атрымаюць больш за 57 тысяч чалавек. Ужо ў пачатку наступнага тыдня ў іх першае выпрабаванне - ЦТ па беларускай мове, але наўрад ці хтосьці думае пра гэта зараз. Сёння ў іх думкі пра іншае, бо гэта асаблівы дзень. Рэпартаж Антаніны Станкевіч.

Не па гадах сур'ёзная і адказная Дар'я Субота і прафесію для сябе выбрала зусім не дзявочую. Без пяці хвілін студэнтка фізфака (у поспеху ні сама выпускніца, ні бацькі не сумняваюцца) усё ж гэтым вечарам марыць быць сапраўднай прынцэсай. Сукенку выбірала некалькі месяцаў, а прычоска і макіяж дапоўняць вобраз.

Шчырыя ўсмешкі, апошнія сумесныя фота - 11 гадоў школы для многіх праляцелі неўзаметку. Не ўтойваюць хвалявання і настаўнікі.

Адточаны страявы крок, сапраўдная ваенная постаць і вернасць пунсовым пагонам. Сёння ў дарослае жыццё адпраўляюцца выхаванцы Мінскага сувораўскага вучылішча. Першы афіцыйны дакумент аб адукацыі сувораўцам уручае асабіста міністр абароны Андрэй Раўкоў. Такая ўрачыстасць не выпадковая - гэты выпуск для навучальнай установы юбілейны, 60-ы.

Першыя выпускнікі міліцэйскага ліцэя атрымліваюць атэстаты асабіста з рук міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Магчыма, многія з іх яго будучыя калегі. Урачыстае мерапрыемства прайшло ў сценах Музея Вялікай Айчыннай вайны. Сярэдняя навучальная ўстанова пры МУС з'явілася год та0му, і сёння яе першыя выпускнікі - 55 юнакоў - ужо гатовыя для новых здзяйсненняў.

У навучальнай установе пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС заканчэнне вучобы ліцэісты адзначаюць развітальным вальсам, пасля чаго выпускнікі праходзяць урачыстым маршам і кідаюць у неба манеткі на шчасце.

Сёння з роднымі школамі, гімназіямі і ліцэямі развітваюцца 57 тысяч выпускнікоў. 11 гадоў праляцелі як адзін дзень.