У этнакультурным комплексе Мядзельскага раёна адрадзілі вадзяны млын

8 сентября 2022
У Беларусі - свята "Дажынкі". Хлебаробы падводзяць вынікі працы, пекары частуюць свежымі караваямі. Шлях ад поля да духмянага бохана няпросты. Але для нас, сучаснікаў, ён больш камфортны, чым для нашых продкаў, бо механізаваны і ўдасканалены тэхналагічна. Здавалася б, пазбавіўшыся залішніх складанасцей, сельскія жыхары спрасцілі сабе жыццё. Але можа дзесьці страцілі ў экалагічнасці і ахвяравалі прыроднай энергетыкай збожжа? Як жа выглядаў  хлебавытворчы працэс у нашых прабабак і прадзедаў, ці захаваліся сёння аўтэнтычныя ручныя складальнікі хлебнай працы? Наталля Бардзілоўская пабывала ў Мядзельскім раёне, каб адказаць на пытанне. 

Шлях беларускага хлеба сёння: камбайнерскія клопаты на палях, зернесушылка, мукамольная фабрыка, хлебазавод. А яшчэ стагоддзе таму пакрокавы рух да свежаспечанага каравая выглядаў так: ад каласоў пад сярпом нашых бабуль праз ручны абмалот снапоў на гумне да млына. Больш танна, зразумела, для селяніна было ўручную ў ступцы з песцікам надрабіць мукі. Але калі хлеба было шмат, збожжа везлі да млынара.

Разам з гідам па этнакультурным комплексе ў Мядзельскім раёне задаём рух млыну. Рэдкаму - вадзяному. Нават у старажытнасці больш млынавых прыстасаванняў былі паветранымі. Цяпер вадзяныя млыны можна ўбачыць ў Гальшанах і Гярвятах, Росі, Ушацкім і Чавускім раёнах і тут, каля Нарачы.

У старажытнасці нашы продкі ставілі млыны на рэках: выкарыстоўвалі рухавасць водарэсурсу. Напрыканцы восені млыны перапынялі працу. А млынары ішлі на адпачынак. У сённяшнім календары ёсць нават свята: 25 кастрычніка - Дзень млынара.

Тутэйшы млын  ля вёскі Наносы сілкуецца не ад ракі, ад азярца. Таму для пракачкі вады мясцовыя выкарыстоўваюць электрычную помпу. Але ўвесь астатні механізм і вонкавы выгляд буйной гаспадарча-дэкаратыўнай прылады сучасныя майстры пастараліся паўтарыць за сваімі старадаўнімі папярэднікамі. Млын не аўтэнтычны, але дакладная копія таго, які мог бы стаяць тут 100-200 гадоў таму. Увогуле ўсё на тэрыторыі гэтага этнакультурнага комплексу зроблена на манер старажытнай беларускай вёскі. Стылізаваныя пад традыцыйныя хаты, унутры якіх даволі сучасны камфорт. 

На падворках калодзеж-журавель. Сад, дзе прама з галінкі можна сарваць яблык ці сліву. Агародзік з высаджанымі цыбуляй ці кропам. Загончык для трусоў і курэй, ад якіх  свежыя яйкі.

Этнавёска - падарунак для тых, хто захапляецца народнымі традыцыямі, хто адчувае настальгію па сваім дзяцінстве ці юнацтве, якія прайшлі ў бабуліных і дзядулевых сельскіх хатках.

Спявае воднымі кроплямі кола млына. Яго музыка - дадатак да рамантыкі жывапіснага месца, якое тутэйшыя госці ўжо даўно разабралі на сэлфі. Куток мясцовых казак, паданняў і міфаў. Гавораць, пануе над млынам добры Вадзянік.