У гэтыя выхадныя ў Мінску праходзяць дні ведаў аб сардэчнай недастатковасці

20 мая 2017

Чацвёрты год акцыя збірае ў нефармальнай абстаноўцы кардыёхірургаў, навуковых супрацоўнікаў лабараторый і пацыентаў.

Ініцыятыву падтрымаў і міністр аховы здароўя Беларусі Валерый Малашка. Сёння для пацыентаў РНПЦ "Кардыялогія" прэзентавалі спецыяльнае меню з карыснымі стравамі на кожны дзень тыдня. Ад спагеці з кальмара да ягаднага смузі. Падчас кулінарнага майстар-класа распавялі таксама аб збалансаваным харчаванні і яго карысці для здароўя сардэчна-сасудзістай сістэмы. Акрамя гэтага, кардыёлагі распрацавалі для сваіх пацыентаў мабільны дадатак, які з'явіцца на платформе Android праз месяц. Гэта электронны дзённік не толькі з падрабязнай інфармацыяй аб дыягностыцы і лячэнні сардэчнай недастатковасці, але і чат для аператыўных зносін з урачамі.

Алена Курлянская, загадчыца лабараторыі РНПЦ "Кардыялогія": "У нас робяцца на сённяшні дзень практычна ўсе аперацыі ў пацыентаў з сардэчнай недастатковасцю. У нас укаранёныя самыя перадавыя метады лячэння гэтай паталогіі. Гэта і трансплантацыя сэрца, аб якой мы шмат гаворым. Ужо 7 гадоў, як мы вядзем дадзены праект. На сённяшні дзень 254 трансплантацыі праведзена ў нашым цэнтры. Штогод 40-45 трансплантацый робіцца".

Пасля дэгустацыі ўдзельнікі адправіліся на ёгу. Спецыяльна для пацыентаў РНПЦ распрацавалі комплекс фізічных практыкаванняў. Дарэчы, ад хранічнай сардэчнай недастатковасці пакутуе 13% дарослых мінчан. Гэта самае распаўсюджанае захворванне сардэчна-сасудзістай сістэмы ва ўсім свеце.