Гэтымі днямі пах волі адчуваюць тысячы асуджаных

23 мая 2014

Амністыя стала прыемнай навіной для тых, хто чакае сваіх блізкіх. Зрэшты, пытанняў нямала. І адно з галоўных - хто менавіта можа разлічваць на трынаццатую па ліку амністыю, якая сёлета прымеркаваная да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашыстаў. Пра гэта і многае іншае пыталіся сёння падчас прамой лініі ў рэдакцыі газеты СБ. Беларусь сегодня. Рэпартаж Аляксандры Штамплеўскай.


Лінія па пытаннях амністыі атрымалася па-сапраўднаму гарачай. Тэлефанаванняў было так многа, што для тых, хто пакуль застаўся без адказу, магчыма, хутка запрацуе асобны нумар. Часцей за іншых на лініі гучаць жаночыя галасы. Гэта маці і жонкі. Галоўнае, што іх хвалюе, калі чакаць дамоў блізкага чалавека і ці варта ў прынцыпе ў найбліжэйшы час чакаць.


Аднак вестачку надзеі сёння атрымлівалі далёка не ўсе. Бо амністыя - шанц для тых, хто памыліўся. Тыя, хто даўно на слізкай дарожцы (забойцы, гвалтаўнікі і іншыя антысацыяльныя элементы), разлічваць на такі падарунак лёсу не могуць. Таксама сёлета дзверы не адчыняцца і для тых, хто замяшаны ў гандлі наркотыкамі.


Не варта спяшацца пакаваць рэчы і даўжнікам - тым, хто яшчэ не кампенсаваў урон. А вось у першую чаргу амністыі варта чакаць непаўналетнім, цяжарным жанчынам і пенсіянерам. А таксама іншым асуджаным, якія трапляюць пад пэўныя льготы.


Закон ужо прайшоў першае чытанне ў Нацыянальным сходзе. 30 мая ўказ будзе вынесены на разгляд у Савет рэспублікі. Але атрымае сілу дакумент толькі пасля яго публікацыі ў СМІ. У дэпартаменце лічаць, што чакаць гэтага трэба не раней чым у чэрвені.


Гэтае пытанне сёння не прагучала, але хвалюе напэўна многіх, у тым ліку і тых, каго амністыя напрамую не закране. Ці не стане масавы выхад зняволеных пагрозай для грамадства? Рэцыдывы, вядома, ёсць, але яны мінімальныя. Па вопыце мінулай амністыі за цяжкае злачынства ў турму не вярнуўся ніхто. Бо магчымасць раней выйсці на волю стымулюе не толькі саміх зняволеных, але і іх родных і блізкіх.