У гэтыя дні праходзяць вучэнні ратавальнікаў Мінскай вобласці

16 марта 2018

Работнікі МНС адпрацоўваюць магчымыя сітуацыі падтапленняў. Напрыклад, калі вясенняя паводка затапіла некалькі вёсак і размыла дарогу.

Як дапамагчы мясцовым жыхарам, да якіх дабрацца не так проста? Рэпартаж Аляксандра Хараўца.

Сёлета Нёман сур'ёзна разгуляўся, і вялікая вада за некалькі гадзін паглынула цэлую вёску. Ахвярамі паводкі могуць стаць некалькі соцень жыхароў. Ратавальнікі праводзяць эвакуацыю. Па такім сцэнарыі сёння пачаліся вучэнні МНС у Стаўбцоўскім раёне.

Дом Наталлі Жак знаходзіцца літаральна на беразе ракі. Жанчына смяецца: паводкай іх не спалохаць – выраслі на вадзе. Аднак да вучэнняў ставіцца сур'ёзна. Усё ж такі рознае можа здарыцца. Таму, узяўшы неабходныя дакументы, разам з аднавяскоўцамі прыбыла на пункт збору ў мясцовы сельсавет.

На гэты раз лодка не спатрэбілася, аднак аўтобус эвакуіраваў людзей у найбліжэйшы санаторый, там жыхары змогуць часова спыніцца.

А ў гэтым выпадку вялікая вада ўжо на самай справе размыла дарогу. Частка вёскі Новы Свержань адрэзана ад цывілізацыі. Таму супрацоўнікі МНС і ДАІ арганізавалі часовы аб'езд. А дарожныя службы ў экстранным парадку рамантуюць пераезд.

Вось так гэтая вуліца выглядала яшчэ тры дні таму. Дровы, гаспадарчыя прылады, будка сабакі - за некалькі гадзін усё апынулася пад вадой. Мясцовыя жыхары хваляваліся, каб талы снег не трапіў у дамы. Аднак сур'ёзнай бяды ўдалося пазбегнуць.

Сёння крыху падтопленымі застаюцца яшчэ некалькі падворкаў у гэтым месцы. Аднак вялікай праблемы ні спецыялісты, ні мясцовыя жыхары ў гэтым ужо не бачаць. І пакуль дарожнікі рамантавалі мост, паступіла новая інфармацыя. Пад вадой можа апынуцца склад з азотнымі ўгнаеннямі. А гэта ўжо экалагічная катастрофа. Таму хімікаты вывозяць у сухое месца.

Пакуль жа ўзровень вады ў рэках не дасягнуў крытычнага. Між тым ратавальнікі працягваюць маніторыць сітуацыю і ў выпадку неабходнасці гатовы прыйсці на дапамогу.