Віншаванні з прафесійным святам прымаюць педагогі

3 октября 2015

У гэтыя дні віншаванні з прафесійным святам прымаюць амаль 200 тысяч педагогаў па ўсёй краіне. Словы падзякі за сумленную працу і асабісты ўклад у адукацыю і выхаванне моладзі гучаць і для лепшых настаўнікаў Брэсцкага рэгіёна.

Расказвае Ірына Нікіціна.

Праз яе ўрокі жыцця прайшлі тысячы дзяцей, сярод якіх пераможцы абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Вучнёўскімі поспехамі настаўнік геаграфіі Таццяна Горная вымярае свае – прафесійныя - ужо амаль 30 гадоў.

Словы ўдзячнасці настаўнікам за сумленную працу ў гэтыя дні гучаць па ўсёй краіне. Прымае іх і педагагічная эліта Брэста. Настаўнікі, якія падрыхтавалі пераможцаў прадметных алімпіяд, кіраўнікі школ і ліцэяў, дзе замацоўваюць новыя метады навучання і не баяцца эксперыментаваць.

Сярод іншых новаўвядзенняў адукацыйнага працэсу – профільныя класы. Цяпер вучні могуць рыхтавацца да будучай прафесіі больш паглыблена ўжо ў школе.

У дапамогу настаўнікам і вучням – інавацыйныя тэхналогіі: электронныя падручнікі, інтэрактыўныя дошкі, дыстанцыйнае навучанне. Але ўсё гэта – як дадатак. Непасрэдны дыялог паміж настаўнікам і вучнямі, індывідуальны падыход, жаданне зацікавіць сваім прадметам – у гэтым і заключаецца майстэрства сапраўднага педагога.

Дзень настаўніка – свята міжнароднае. Яго адзначаюць у 100 краінах свету. Прафесія педагога заўсёды лічылася самай складанай і адказнай. Настаўнік не проста навучае чалавека, ён выхоўвае асобу, а значыць, і будучыню краіны.