У гэтыя дні амаль 58 тысяч 11-класнікаў назаўжды развітваюцца са школай

9 июня 2017

Прыгожыя сукенкі, строгія касцюмы і гады ўспамінаў. Выпускныя па традыцыі гуляюць усю ноч, а ўжо ў найбліжэйшую нядзелю ўчарашнія школьнікі напэўна зноў сядуць за падручнікі. Бо ў панядзелак - першае ЦТ, дзе выпускнікі пакажуць усё, чаму навучыліся за 11 гадоў. А пакуль самыя кранальныя і яркія моманты свята, якія трапілі ў аб'ектыў нашых тэлекамер, у рэпартажы Таццяны Кароль.

Наталлі Несцяронак можа пазайздросціць любая школьніца. Чэмпіёнка па бальных танцах задзейнічаная ў шматлікіх нумарах выпускной канцэртнай праграмы, і ўборы ў гэты вечар зменіць некалькі разоў. Але сваёй галоўнай перамогай Наталля лічыць дыпломы рэспубліканскіх алімпіяд і, як вынік - залаты медаль.

Але ўсё ж веды падчас выпускнога балю адыходзяць на другі план. І несумненна ўсе 11-класнікі мараць выдатна выглядаць у гэты вечар. Таму рыхтуюцца загадзя, асабліва дзяўчаты. Хтосьці давярае свой вобраз праверанай швачцы, але самы папулярны варыянт - пракат сукенак.

Два дні ўся краіна будзе назіраць феерверк фарбаў і маладосці на вуліцах горада. У кожнай альма-матар яны правялі 11 гадоў, і ў гэты вечар побач з учарашнімі школьнікамі настаўнікі перажываюць за кожнага не менш, чым бацькі.

Хтосьці з выпускнікоў не расставаўся са сваімі аднакласнікамі 11 гадоў, а гэтыя хлопцы і дзяўчаты выбралі для сябе іншы шлях. Ліцэісты БДУ, мабыць, адны з першых сярод сваіх аднагодкаў вызначыліся з будучай прафесіяй і выбралі профільныя прадметы. Паступілі ў ліцэй пасля 9 класа, але самі прызнаюцца, за два гады навучання не толькі падцягнулі прадметы сваёй будучай спецыяльнасці, але і знайшлі новых сяброў. (Відэа з рукзака)

Са сцэны гучаць словы падзякі педагогам, а ў зале ад саміх настаўнікаў чутныя ўспаміны, як зараз гэтыя дарослыя юнакі і дзяўчаты ў вячэрніх уборах прыйшлі на першую лінейку з бантамі і букетамі кветак амаль у іх уласны рост і нясмела вымавілі: "Добры дзень, школа!".

Усяго сёлета свае парты пакідаюць амаль 58 тысяч 11-класнікаў. Наперадзе ўступная кампанія і залічэнне ў ВНУ. Але пакуль выпускнікі хорам на сваім святочным вечары кажуць: «Да пабачэння, школа!», пакідаючы ў памяці лепшыя моманты за 11 гадоў навучання.