У Дзяржынску правялі інклюзіўны фестываль

10 декабря 2018

На першае абласное свята такога фармату запрасілі дзяцей-інвалідаў з усіх раёнаў. Удзельнікі дэманстравалі таленты ў 7 намінацыях - мастацкія работы і вакальна-танцавальныя нумары. З больш як 200 заявак у фінал прайшлі самыя яркія канцэртныя нумары і вырабы ў розных тэхніках. На інклюзіўным фестывалі пабывала Наталля Кезік.

Рамонкі і фіялетавыя званочкі выкладзены на палатне атласнымі стужкамі. Уладзіслаў Лютарэвіч свой летні букет стварыў даволі хутка. Спачатку ён перавёў кветкі на тканіну алоўкам, а дэталі «дамаляваў» яркімі каляровымі стужкамі. 

Першы абласны інклюзіўны фестываль для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі аб'яднаў амаль 300 удзельнікаў. 

На творчай выставе фестывалю - паўсотні работ у розных тэхніках: цестапластыка, пластылінаграфія, вышыўка і нават фларыстыка. Усе гэтыя работы - фіналісты. Першапачаткова творчых кампазіцый было значна больш.
Другі блок фестывалю - сцэнічныя выступленні. У фінале 16 нумароў - вакальнае выкананне, танцавальныя ансамблі і рамантычныя дуэты. Удзельнікі музычнай групы Ждановіцкай школы-інтэрната рыхтавалі жэставую песню на працягу трох месяцаў. Задача для квартэта няпростая - перадаць сэнс кампазіцыі выключна рухамі.

Традыцыя праводзіць інклюзіўны фестываль у Дзяржынску з’явілася 15 гадоў таму. Сёлета фармат змянілі з раённага на абласны.

За адзін дзень на сцэну Дзяржынскага дома культуры выйшлі больш за 100 артыстаў з абмежаванымі магчымасцямі. Для кожнага з іх гэта пераадоленне сябе і ў той жа час аздараўленне. Бо, як вядома, пазітыўныя эмоцыі і ўсмешкі - лепшая тэрапія.