У "Доме шчаслівай сям'і" дзеці разам з бацькамі даведваюцца сакрэты гарманічных адносін

20 ноября 2019
Сёння - Сусветны дзень дзіцяці. Свята аб'ядноўвае не толькі бацькоў і юнае пакаленне, але і арганізацыі, дзейнасць якіх звязана з педагогікай. Так, у Мінску існуе "Дом шчаслівай сям'і". Дзеці разам з бацькамі тут даведваюцца сакрэты гарманічных адносін. Як праходзяць заняткі - убачыла Алена Вітко.

Гэта гульня - на сэнсарнае развіццё. Яна фарміруе ўяўленні аб уласцівасцях прадметаў - іх тэкстуры, форме, велічыні. 4-гадовая Элізабэт з заданнем спраўляецца з лёгкасцю. Бо падобныя заняткі ў дзяўчынкі - некалькі разоў на тыдзень.

Тут дзеці не толькі гуляюць і развіваюцца, але і набываюць неабходныя бытавыя навыкі. Напрыклад, вучацца карыстацца інструментамі, гатуюць есці і заўсёды прыбіраюць за сабой.

На заняткі дзеці ходзяць разам з бацькамі. Праз гульні, размову і сумесную дзейнасць яны вучацца лепш разумець адно аднаго.

Такі сумесны фармат навучання - адметнасць "Дома шчаслівай сям'і". Спецыялісты сацыяльна-культурнай ўстановы праводзяць розныя майстар-класы, лекцыі, сустрэчы па выхаванні дзяцей. А таксама вучаць ствараць гармонію ў сям'і.

Адзін з асноўных праектаў "Дома шчаслівай сям'і" - Міжнародны фестываль дзіцячага кіно і тэлебачання "Кінасвет". Ён пройдзе наступным летам. А пакуль выхаванцы "Дома шчаслівай сям'і" займаюцца ў акадэміі "Кіналідар". Распрацоўваюць сцэнарыі і здымаюць фільмы.