У дамах з незавараным смеццеправодам могуць павялічыць камунальную плату

8 декабря 2016

Такую ініцыятыву падтрымала Міністэрства камунальнай гаспадаркі. Плануецца, што да канца месяца ў Мінску стане на 2 тысячы смеццеправодаў менш. Прапанову падтрымліваюць і эколагі, і многія мінчане. Але ёсць і тыя, хто ад смеццеправода ў пад'ездзе адмовіцца пакуль не гатовы. Рэпартаж Надзеі Сербіненкі.

Заварыць нельга пакінуць. Вырашыць праблему са смеццеправодам не заўсёды проста. Калі адны выступаюць за камфорт і эканомію часу, другія нагадваюць пра экалогію. 

Непрыемны пах і смецце  прама на лесвічнай пляцоўцы. Валерый Каняхін, жыхар дома па вуліцы Лесі Украінкі, вымушаны мірыцца са смеццеправодам у сваім пад'ездзе больш за дзесяць гадоў. Праблема амаль невырашальная: калі адна палова дома прывыкла выкідваць смецце, не выходзячы з пад'езда, і ніякіх нязручнасцяў не адчувае,  другія жыхары - асабліва першых паверхаў - проста задыхаюцца ад "водару" і прапаноўваюць заварыць смеццеправод.

Вырашыць праблему дапаможа новая ініцыятыва гарадскіх службаў, якую падтрымала Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У дамах з незавараным смеццеправодам можа павялічыцца аплата за вываз смецця. Новаўвядзенне павінна паслужыць і дадатковым стымулам да паасобнага збору шкла, паперы і пластыку. Дарэчы, у новых мікрараёнах Мінска практыка кансервацыі смеццевых ствалоў прыжылася. Многія жыхары Лебядзінага, Каменнай Горкі, Брылевічаў выкідваюць смецце ў адпаведныя кантэйнеры.

Выступаюць за абавязковую кансервацыю смеццеправодаў у жылых дамах і зялёныя арганізацыі. Эколагі падлічылі: прыкладна палову адходаў ад адной сям'і - пластык, паперу, шкло, метал - можна перапрацаваць. І атрымаць новую тару для прадуктаў, надрукаваць кнігі і нават пашыць адзенне з другаснай сыравіны. 

Першыя беларускія смеццеправоды з'явіліся ў сярэдзіне мінулага стагоддзя - тады савецкія архітэктары падгледзелі ноу-хау ў Мексіцы. З таго часу ў кожным доме, колькасць паверхаў у якім перавышае пяць, пачалі будаваць металічныя ствалы для смецця. Але хутка эколагі ўсяго свету забілі трывогу - такая ўтылізацыя адходаў супярэчыць усім зялёным прынцыпам. І ад смеццеправодаў паступова пачалі адмаўляцца. Сёлета ў Мінску заварылі больш за тысячу  ў чатырохсот дамах. У наступным годзе гэта работа прадоўжыцца. Паскорыць працэс можа кожны, калі зменіць свае адносіны да навакольнага асяроддзя і прыроды.