У дні навагодніх святаў мінчан і гасцей сталіцы чакаюць кірмашы, канцэрты, спектаклі, казкі і калядныя балі.
Адкрые праграму шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак. Яно пачнецца ў сераду 25 снежня ля галоўнай ёлкі на Кастрычніцкай плошчы. Узначаліць казачны парад сімвал будучага чэмпіянату свету па хакеі зубр Волат. Скончыцца шэсце ля Палаца спорту. Тут адбудзецца тэатралізаванае шоу, і Дзед Мароз аб'явіць пра пачатак святкавання Новага года.
27 снежня (у пятніцу) свае агні запаліць галоўная ёлка Беларусі. У Палацы Рэспублікі на навагодняе свята збяруцца больш за паўтары тысячы дзяцей. Плануецца прыезд беларускіх школьнікаў з Вільнюса і Рыгі.
У панядзелак - 30 снежня - у беларускім цырку пройдзе дабрачыннае свята Навагодняе чараўніцтва на лёдзе. Дзяцей чакаюць салодкія падарункі, аформленыя ў стылі чэмпіянату свету па хакеі.
Адным з асноўных месцаў святочных мерапрыемстваў у навагоднюю ноч стане пляцоўка ля Палаца спорту.
Кульмінацыяй гулянняў традыцыйна стане феерверк ля стэлы Мінск - горад-герой 1 студзеня ў гадзіну ночы.














