У вёсцы Сула прайшоў гастрафестываль нацыянальнай кухні

7 ноября 2016

Традыцыйныя беларускія стравы - пад соусам са шляхецкіх танцаў і забаў. У вёсцы Сула прайшоў гастрафестываль нацыянальнай кухні. Забаўлялі публіку музыканты і клуб ваеннай рэканструкцыі. Стральба з лука, арбалета, кіданне кап'я і баявой сякеры. Сюжэт - Наталлі Кузьміцкай.

Ігрой на дудзе сустракалі гасцей "Панскага маёнтка" ў Суле. Гэта самабытнае месца ізноў сабрала аматараў даўніны і гісторыі. Цяпер наведвальнікаў запрасілі ў шляхецкі час. Час росквіту беларускай кухні. На пачатку прапанавалі нагуляць апетыт у танцах, потым завітаць на шляхецкі банкет: падхарчавацца смажанай баранінай, запечанымі вушамі - стравамі арыстакратычнай кухні, ці паспрабаваць на сялянскім падворку простыя, але не менш смачныя гарбузовы суп, бігас, кашанку – стравы са штодзённага ліцвінскага меню.

Руплівым гаспадыням на фэст трэба было браць з сабой нататнікі. Традыцыйныя і ўсім знаёмыя дранікі, мачанка, жур і верашчака. прыгатаваныя па старадаўніх арыгінальных рэцэптах, якіх не знойдзеш у Інтэрнэце.

Аднак не толькі дранікамі і мачанкай адзінай... Бадай, самы вядомы даследчык і прадаўжальнік традыцый беларускай кухні, шэф-повар Аляксандр Чыкілеўскі знаёміў гасцей фэсту з невядомымі раней стравамі і смакамі. Падчас свайго майстар-класа па прыгатаванні чорнай поліўкі.

Аднак, перш чым прыгатаваць ежу, неабходна яе злавіць. Наведвальнікі фэсту маглі трапіць на паляванне, аматары шопінгу - прагуляцца па рамесніцкім кірмашы і купіць на памяць шляхецкія сувеніры, а заўзятыя балельшчыкі з цікавасцю назіралі за ваеннымі паядынкамі ад сучасных шляхціцаў, клуба рэканструктараў з Бабруйска.

Збіраемся зрабіць на гэтай пляцоўцы мультыфестываль, які будзе складацца з ваенна-гістарычных блокаў розных эпох: вікінгі, шляхты, Першая міравая вайна. На адной пляцоўцы можна будзе паназіраць за гісторыяй нашай краіны, мабыць, за тысячагоддзе.

Апошнюю страву падалі бліжэй да вечара. Некаторыя спецыяльна засталІся, каб яе паспрабаваць. Раней Сула ўжо біла рэкорды. У сакавіку тут спяклі гіганцкі дранік, дыяметрам больш за 2 метры. На чарзе 20-мятровая сялянская каўбаса, каб хапіла ўсім.