У вёсцы Фарынава Полацкага раёна зімуе бусел

18 января 2019

Пастаянная прапіска - Беларусь. У вёсцы Фарынава Полацкага раёна зімуе бусел. Па невядомых прычынах птушка не паляцела з суродзічамі ў Афрыку. Жыхары заўважылі бусла позняй восенню. Адзінокая птушка аблюбавала левы бераг ракі Ушачы. Блізка да людзей не падыходзіць, але чуллівыя вяскоўцы не крыўдзяцца і кожны дзень прыносяць буслу ежу. Нават самаробнае гняздо зрабілі з чароту. Вельмі спадзяюцца, што з іх дапамогай птушка дачакаецца вясны.

Усяго за пяць кіламетраў ад месца зімоўкі бусла жыве яшчэ адзін прадстаўнік гэтага віду птушыных. Бусел Жора – самая важная птушка на падворку Галіны Кулагі. Тут ён ужо чацвёрты год. Яго знайшлі з перабітым крылом, выхадзілі, але лятаць бусел не змог. Так і застаўся на пастаяннае месца жыхарства.