У вёсцы Вялікі Поўсвіж правялі калядную гульню "Жаніцьба Цярэшкі"

15 января 2020
Усё больш моладзь цікавіцца і нашымі гістарычнымі абрадамі і традыцыямі. У вёсцы Вялікі Поўсвіж правялі калядную гульню "Жаніцьба Цярэшкі". Гэта старажытная забава, мэтай якой было бліжэй пазнаёміць дзяўчын на выданні і халастых хлопцаў. Сёння абрад з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі, і максімальна дэталёва традыцыю захавалі на Лепельшчыне. Калядны вечар за старажытнай гульнёй вырашыла правесці і Вольга Маслоўская.

Пацалункі, жарты, смех, грукат абцасаў пад акампанемент вясковых музыкантаў - знай, Цярэшку жэняць! Сёння ўся моладзь Вялікага Поўсвіжа тут. І не толькі. У гледачах - бабулі, што не-не, ды і кідаюцца ў скокі.
Хто ў народным касцюме, хто не, але гэта не мае значэння, бо "Жаніцьба" - не спектакль, а жывая традыцыя, што ад веку існуе на гэтай зямлі. 

На Лепельшчыне жанілі Цярэшку яшчэ ў часы Полацкага княства

Прычым, гэтая калядная традыцыя ніколі не спынялася. Праўда, з цягам часу забыліся, хто такі Цярэшка. Мяркуюць, што гэта старажытны абаронца сям’і. А гульня - не што іншае, як першы крок дзяўчат і хлопцаў да ўступлення ў шлюб. 
У жаніцьбы свой сцэнарый. Вядуць гульню маці і бацька - бойкія і гаваркія людзі з месцічаў. У Наталлі і Васіля вока пільнае: хутка разумеюць, хто з удзельнікаў да каго ставіцца з сімпатыяй - так і жэняць. 
Цяпер чарга выпрабаванняў: гуляюць ў пацалунак, у бабыля, ловяць адно аднаго.

Хто не ведае, з якімі прымаўкамі бегчы па сваю дзяўчыну, даюць шпаргалку. 

Галіна Фокін са Стай, што пад Лепелем, дакладна памятае словы кожнай цярэшкінай песні - нібы гэта было ўчора. А між іншым, на Саракі вядомай у вёсцы пявунні споўнілася 90 гадоў. У маладосці Цярэшку жаніла разы тры. 
Дарэчы, "Жаніцьба Цярэшкі" - не адзіная калядная гульня, што захавалася ў народнай традыцыі. У вёсцы Гута, што на Пастаўшчыне, можна паўдзельнічаць у забаве “Яшчур”. 
"Яшчур" і "Жаніцьба Цярэшкі”" з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю нашай краіны. У іх - культурны код беларускага народа, яго мудрасць, талент і духоўнасць.