У Дзень Незалежнасці ў беларускай сталіцы нарадзіліся 48 немаўлят

4 июля 2018

Маладыя матулі па традыцыі атрымаюць заўтра віншаванні і падарункі ад Рэспубліканскага грамадскага абяднання "Белая Русь". У Мінску акцыя пройдзе ў РНПЦ "Мацi i дзiця", 1, 3 і 6 бальніцах і радзільным доме № 2.

На свята радасці  і дзяцінства ў Мінскі абласны  радзільны дом сёння завіталі яго былыя пацыенты.  Бацькі з дзецьмі, якія  ўпершыню ўбачылі свет менавіта тут.  За  ўвагу і прафесіяналізм, а таксама за індывідуальны падыход да кожнага пацыента гэты раддом сёння выбіраюць будучыя матулі не толькі з Мінскай вобласці, але і сталіцы. Штодзень тут сустракаюць 10 новых жыццяў. Аб традыцыях  радзільнага дома  - матэрыял Наталлі Кузьміцкай.  

Самаму малодшаму, адзінаццатаму сыну, пакуль імя не прыдумалі. Шматдзетная маці жартуе, вырашаць будуць на вялікім сямейным савеце. Выпіска супала з днём нараджэння яе маці, таму адзначаць будуць адразу два святы.

Траіх з адзінаццаці дзяцей Аксана Башура нарадзіла тут, у клінічным радзільным доме Мінскай вобласці. Менавіта за ўвагу і прафесіяналізм, а таксама за індывідуальнае стаўленне да кожнага пацыента і цэняць гэтую ўстанову матулі  не толькі з цэнтральнага рэгіёна, але і сталіцы.

Сярод прысутных і мінчанка Марыя Магілеўчык з маленькім сынам Максімам. Хлопчык нарадзіўся летась 24 сакавіка ў радзільным доме ў Сцяпянцы. Так ласкава называюць яго ўрачы і пацыенты.

Раддом ад слова "родны". Сцены гэтай установы становяцца роднымі для немаўлят і іх матуль. Кожнага сустракаюць са шчырасцю і цеплынёй. Так адбылося і ў сям'і галоўнага ўрача  Пятра Масько. Трэцяя яго дачка таксама нарадзілася тут, у абласным раддоме.

Абласны радзільны дом  мае статус перынатальнага цэнтра 3 узроўню, штогод тут прымаюць каля трох з паловай тысяч родаў. Тут выходжваюць немаўлят з экстрэмальна нізкай вагой. 

Яшчэ ў 2001 Сусветная арганізацыя аховы здароўя і Дзіцячы фонд ААН прысвоілі абласному радзільнаму дому высокае званне "Бальніца, добразычлівая да дзіцяці", дзе і сёння захоўваюць традыцыі сям'і і мацярынства.