У Дзень Канстытуцыі завяршаецца акцыя Беларускага саюза моладзі "Мы - грамадзяне Беларусі"

15 марта 2016

Сёлета яна праходзіць ужо 13-ы раз. І сёння пашпарты па ўсёй краіне атрымалі сотні 14-гадовых школьнікаў. Толькі ў сталіцы найважнейшы дакумент уручалі ў Доме ўрада, Савеце Рэспублікі і Канстытуцыйным судзе. І чаму гэты дзень так важны для юных беларусаў? Падрабязны рэпартаж падрыхтавала Наталля Тарасюк.

Спявае, танцуе, добра вучыцца, лідар добраахвотніцкага атрада, а яшчэ ўзначальвае школьны савет навучэнцаў. Менавіта так настаўнікі гавораць пра Валерыю Макоўскую - вучаніцу сталічнай 201-й сярэдняй школы. Школьніца прызнаецца: навіна аб тым, што пашпарт грамадзяніна Беларусі атрымае 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, была нечаканай, але прыемнай.

Пашпарт Валерыя разам з аднагодкамі атрымлівае ў Нацыянальным мастацкім музеі. Дакумент маладым людзям разам з асобай кнігай пад назвай "Я - грамадзянін Рэспублікі Беларусь" уручаюць прадстаўнікі мэрыі горада.

Уладзімір Кухараў, першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама: "Гэта абавязвае ў гэты дзень, атрымліваючы пашпарт, кожнага маладога чалавека адчуваць усю тую адказнасць, якую пачынаюць несці. І сёння мы ўшаноўвалі найболей падрыхтаваных нашых юнакоў і дзяўчат, якія займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю".

Роўна 20 гадоў таму Вярхоўным Саветам краіны быў прыняты Асноўны Закон. У Канстытуцыі - дзевяць раздзелаў і амаль 150 артыкулаў. За гэты час яна двойчы змянялася, але сутнасць засталася ранейшай. Дарэчы, упершыню святочным 15 сакавіка стала ў 1998 годзе.

Пётр Міклашевэч, старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі: "У Канстытуцыйным судзе мы ўспрынялі акцыю "Мы - грамадзяне Рэспублікі Беларусь" з поўным разуменнем і яе падтрымліваем, паколькі мэта гэтай акцыі - фарміраванне ў юных грамадзян нашай краіны актыўнай грамадзянскай пазіцыі, пачуцця высокага грамадзянскага абавязку, разумення таго, што трэба жыць і працаваць у адпаведнасці з асноўнымі законамі краіны".

Пашпарты ў зале Канстытуцыйнага суда, які і закліканы ахоўваць асноўны закон краіны, сёння атрымалі больш як 2 дзясяткі юных беларусаў. Больш за ўсё дзяцей з Магілёўскай і Гомельскай абласцей.

Па сутнасці, ідэя запрашаць юных беларусаў у сталіцу і ў асаблівай абстаноўцы ўручаць гэткі важны дакумент належыць Беларускаму саюзу моладзі. Год нараджэння акцыі "Мы - грамадзяне Беларусі" - 2004-ы.

За гэты час галоўны дакумент атрымалі некалькі дзясяткаў тысяч юных беларусаў. І, па сутнасці, падчас гэтай акцыі 14-гадовыя школьнікі з усёй краіны знаёмяцца са знакавымі месцамі: Музеем сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Домам урада, Канстытуцыйным судом. Дарэчы, ужо ў наступным годзе юнакам і дзяўчынкам будуць уручаць пашпарты ў новым будынку суда.

У акцыі ўжо ёсць свае традыцыі: пасля ўручэння пашпартоў юныя грамадзяне бяруць слова ў адказ і здзіўляюць дарослых падарункамі, зробленымі сваімі рукамі. І варта зазначыць, што, калі раней пашпарт можна было атрымаць толькі з 16 гадоў, то з 2012 года ўзроставы парог знізілі да 14.

Дарэчы, само слова "пашпарт"- лацінскага паходжання. Праўда, першыя згадванні аб папярэдніку такога дакумента прыводзяцца яшчэ ў Старым Запавеце: прыкладна ў пятым стагоддзі да нашай эры. Пашпарт, які сёння ўручаюць юным грамадзянам Беларусі, узору 2010 года. Тады з'явіліся новыя элементы абароны. А на месцы штампа, з'явіліся іншыя адзнакі - аб шлюбе, дзецях і рэгістрацыі.

Міхаіл Жураўкоў, міністр адукацыі Беларусі: "Гэта вось, пэўна, больш важнае для іх бацькоў, для нас, для краіны. Паказаць нашым грамадзянам, што мы іх шануем, што кожны грамадзянін, які дасягнуў узросту 14 гадоў, калі атрымлівае пашпарт, для нас бясцэнны, і што ўся наша краіна складаецца з вось такіх асобных яе грамадзян, які кожны ўносіць пэўны ўклад у дабрабыт усёй нашай рэспублікі".

Больш за тое, паслядоўнасць літар і лічбаў нумара пашпарта ўнікальная для кожнай краіны. А вось колькі ахоўных знакаў у пашпарце і з дапамогай якіх прыбораў дакументы правяраюцца на сапраўднасць - сёння даведаліся школьнікі Брэсцкай вобласці. Вайскоўцы пагранічнай групы не толькі наладзілі цікавую лекцыю, але і правялі экскурсію ў музеі баявой славы. Усяго ж пашпарты сёння ўручылі амаль чым паўтысячы юнакам і дзяўчатам Брэстчыны.

Эстафету акцыі "Мы - грамадзяне Беларусі" падхапіў і Магілёў. Галоўная цырымонія ўручэння пашпартоў прайшла ў абласным мастацкім музеі. Для яшчэ пяцісот юных беларусаў гэты дзень запомніцца як новы рубеж. Пачатак ажыццяўлення новых планаў, новага гонару і новай адказнасці.