У снежні ў краіне пад коламі аўто загінулі 60 пешаходаў

17 января 2017

Снежань стаў самым жудасным у зводках ДАІ.  У краіне пад коламі аўто загінулі 60 пешаходаў, у тым ліку 2 у Мінску,  а сур'ёзныя траўмы атрымалі 28 чалавек. Дарожныя міліцыянеры адзначаюць: у большасці выпадкаў пешаходы парушалі правілы дарожнага руху і цаной такіх дзеянняў стала жыццё. Падчас галалёду тармазны шлях аўтамабіляў павялічваецца амаль удвая. 

Аляксандр Харавец прайшоў асабістае выпрабаванне і на некалькі гадзін стаў злосным парушальнікам правілаў дарожнага руху.

Шлях у паліклініку пенсіянерка Рэгіна выбрала самы кароткі, аднак небяспечны. Хаця да найбліжэйшага пешаходнага перахода ўсяго 50 метраў.  Убачыўшы інспектараў ДАІ, жанчына паспрабавала ўцячы. Спроба не ўдалася.  На пытанне, чым кіраваўся пешаход,  адказ традыцыйны.

У практыцы дарожных міліцыянераў такія прыклады не адзінкавыя. Аднак дастукацца да сумлення  пешаходаў далёка не заўсёды атрымліваецца. 

Партрэт сярэднестатыстычнага пешахода-парушальніка - чалавек, які пераходзіць дарогу ў забароненым месцы, у цёмны час сутак не карыстаецца флікерамі, а яшчэ з'яўляецца меламанам, таму ўсюды рухаецца ў навушніках. Яшчэ адзін абавязковы атрыбут – капюшон.

Мы вырашылі правесці ўласны эксперымент, каб зразумець, на якой адлегласці пачуем клаксон аўто. У навушніках і капюшоне я буду рухацца насустрач машыне, якая стаіць і сігналіць. Гук аб магчымай небяспецы я пачуў прыкладна за 40 метраў.

Зараз жа я буду стаяць спінай да машыны, якая рухаецца з  хуткасцю прыкладна 40 кіламетраў за гадзіну. Пачуў клаксон літаральна за некалькі імгненняў да сустрэчы з машынай.

Ну і апошні, класічны выпадак на загарадных дарогах - калі пешаход ідзе ўздоўж праезнай часткі таксама ў навушніках і капюшоне. У гэтым выпадку для такога пешахода ўсё яшчэ вельмі добра скончылася. Ён проста трапіў  у найбліжэйшы сумёт.

Адзначу, эксперымент пераводзіўся амаль у цяплічных умовах. І ўсе бакі былі падрыхтаваныя. У рэальнай дарожнай абстаноўцы на прыняцце правільнага рашэння ў вадзіцеля і пешахода не так шмат часу і варыянтаў. А з улікам таго факту, што на слізкай дарозе тармазны шлях аўто павялічваецца амаль удвая, то ў столькі ж разоў павялічваецца і верагоднасць пешахода  трапіць пад колы.