У снежні 1917 года ў Мінску прайшоў першы Усебеларускі з'езд

10 декабря 2017

Была на гэтым тыдні і падстава пагаварыць аб такім паняцці, як гістарычная навука. Тым больш, калі гаворка ідзе аб найважнейшай даце для беларускай дзяржавы. Гэты і будучы год сталі сапраўдным парадам стагоддзяў. Ад пункта адліку Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі бяруць свой пачатак усе галоўныя ведамствы нашай краіны - аж да міліцыі і пагранічных войскаў.

І менавіта ў снежні 1917 года ў Мінску прайшоў першы Усебеларускі з'езд. І гэта была першая спроба самавызначэння Беларусі як дзяржавы. Дарэчы, сучасныя навукоўцы сцвярджаюць, што мы з вамі зараз жывем падчас архіўнай рэвалюцыі. І нават трохі асцерагаюцца, ці не стане гэта падставай для чарговай спробы перапісаць гісторыю, у якой снежань 1917-га заўсёды будзе галоўнай старонкай для ўсіх беларусаў. Чаму - даведаемся з сюжэта.

"На плошчы Свабоды стаялі кулямёты, па горадзе хадзілі людзі з вінтоўкамі са штыкамі і ездзілі патрулі, ля ваенна-рэвалюцыйнага камітэта з'явіліся тры бранемашыны", - так газеты апісвалі тое, што адбывалася на вуліцах Мінска ў канцы 1917 года.

У гэтых умовах нараджалася новая дзяржава. Усебеларускі з'езд у цяперашнім Купалаўскім тэатры прыняў першы пункт пастановы аб самавызначэнні Беларусі. У прыняцці лёсавызначальнага рашэння прымалі ўдзел усе палітычныя сілы краіны.

Аляксей Дзермант, палітычны аналітык:

"Там была адна частка, мы б іх назвалі сацыял-дэмакраты, якія хацелі аддзяліцца ад Расіі і разлічвалі на падтрымку Германіі. Вось гэтыя людзі потым спрабавалі абвясціць сваю дзяржаўнасць, гэта значыць - БНР. Былі і іншыя людзі, якія жадалі развівацца нацыянальна, але ў саюзе з Расіяй, Украінай, іншымі народамі. Гэтыя людзі, потым падтрыманыя бальшавікамі, рэалізавалі праект ССРБ і ў канчатковым выніку БССР".

Сам з'езд драматычна завяршыў сваю працу: у першую ж ноч яго дэлегатаў разагналі бальшавікі. Але працэс самавызначэння было ўжо не спыніць. Беларусь заявіла аб сабе, сваіх амбіцыях і нават універсітэтах.

Андрэй Кароль, рэктар БДУ:

"Прафесарам Карскім была агучаная ідэя стварэння БДУ. Ідэя непарыўнай сувязі вядучага ўніверсітэта краіны і існавання беларускай дзяржаўнасці паказала сваю жыццяздольнасць пры самых розных стыхіях".

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт паўнавартасна пачаў сваю працу ўжо праз два гады.

На кадрах кінахронікі бачна, як, мільгочучы, змяняюцца даты і назвы: БНР, Літбел… А пазней - ужо БССР і аднаўленне мяжы ў 1939-м. А пасля вайны народ-пераможца, народ, які выжыў, перажыў, вольны, выстройваў сваю будучыню. А потым і сам стаў вызначаць яе.

Так, у найноўшай гісторыі для Беларусі як дзяржавы была больш чым рэальная пагроза. Агрэсія фашысцкай Германіі ставіла пад пытанне існаванне нацый у прынцыпе.

Таму менавіта вызваленню сваёй зямлі прымеркавана і наша галоўнае свята - Дзень Незалежнасці. І, нягледзячы на тое, што ў складзе Савецкага Саюза не было па-сапраўднаму суверэннай Беларусі, шматлікія атрыбуты дзяржаўнасці атрымалі развіццё як раз на гэтым падмурку.

Імкненне жыць у сваім доме канчаткова рэалізавана толькі чвэрць стагоддзя таму. Новы этап дзяржаўнага будаўніцтва таксама быў не простым, але вынік мы бачым ужо сёння.

Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: 

«Мы за гэтыя 100 год змаглі зрабіць тое, чаго не здолелі многія, здавалася б, больш моцныя і раскручаныя народы Еўропы. Мы за сто год змаглі ад вясковай этнаграфічнай супольнасці, якая не мела сваёй дзяржаўнасці, сваёй высокай культуры, стварыць сваю дзяржаву, узброеныя сілы, Акадэмію навук, універсітэты і стаць нармальным пазнавальным еўрапейскім народам».

Міралюбная палітыка незалежнай дзяржавы - прыкмета годнасці, якая сёння вылучае нашу краіну ў шэрагу шматлікіх іншых. Знаходзячыся на скрыжаванні геапалітычных інтарэсаў сусветных цэнтраў сілы, беларусы, можна сказаць, заваявалі сваю рэпутацыю. Зараз толькі самі вызначаюць сваю будучыню.