У Чашніцкім раёне шасцігадовая дзяўчынка правалілася ў каналізацыйны калодзеж

25 июня 2015

Важным фактарам у паляпшэнні якасці жыцця з'яўляецца перш за ўсё стаўленне да справы саміх людзей. Інакш звычайная халатнасць можа прывесці да трагедыі. Так, у адной з вёсак Віцебскай вобласці шасцігадовая дзяўчынка правалілася ў калодзеж для каналізацыі. Мясцовыя жыхары запэўніваюць: "пастка" глыбінёй два метры была проста прыкрытая фанерай. З такой заявай не згодныя ў ЖКГ і настойваюць, што калодзеж быў надзейна закрыты. Зараз у гэтай справе разбіраецца пракуратура.

Абодва бакі выслухала і наш карэспандэнт Марына Раманоўская.

Мясцовыя жыхары пра гэты выпадак зараз успамінаюць з жахам. Шасцігадовая Мілена гуляла з братам недалёка ад дома. Літаральна ў адно імгненне гульня ледзь не прывяла да трагедыі. Дзяўчынка правалілася ў каналізацыйны калодзеж.

Глыбіня гэтага калодзежа практычна два метры. На момант надзвычайнага здарэння ён быў практычна запоўнены. У халоднай вадзе дзяўчынка правяла больш чым дваццаць хвілін.

Увесь гэты час Мілена трымалася за жалезную арматуру. Дзяўчынку дасталі з калодзежа сваякі. Ноч дзіця правяло ў бальніцы.

Мясцовыя жыхары ўпэўненыя: у тым, што здарылася, вінаватыя камунальшчыкі. Калодзеж быў ненадзейна прыкрыты лістом фанеры. Такі шчыт не вытрымаў нават дзіця.

Мясцовая міліцыя ўзбуджаць справу ў дачыненні да камунальшчыкаў адмовілася, спасылаючыся на тое, што немагчыма вызначыць вінаватага ў здарэнні. Зараз ва ўсім разбіраецца пракуратура.

Гісторый, калі ў такія калодзежы правальваліся і людзі, і жывёлы, у мясцовых жыхароў за апошні час назбіралася нямала. Валянціна Донюш таксама звярталася па дапамогу да суседзяў. Тады з калодзежа давялося даставаць жарабя.

Такія пасткі ў вёсцы практычна на кожным кроку. Людзі здзіўляюцца, чаму камунальшчыкі не вучацца на сваіх жа памылках. Зараз, калі ў вёску да многіх прыехалі ўнукі, такая безадказнасць можа прывесці да трагедыі.