У Будславе адбылася кульмінацыя ўрачыстасцяў

7 июля 2013

Напярэдадні ў Будславе прайшла кульмінацыя ўрачыстасцяў, прысвечаных чатырохсотай гадавіне знаходжання цудатворнага абраза Маці Божай у Беларусі. 40 тысяч пілігрымаў з усёй Еўропы без стомы маліліся нават уначы.


Падрабязнасці - у Аляксандры Драгун. Кульмінацыя будслаўскіх ўрачыстасцяў аб'яднала больш за 40 тысяч каталіцкіх вернікаў з усёй Еўропы. Напярэдадні да святкавання далучыліся апошнія пілігрымы і прадстаўнікі ўлады.


Па традыцыі, асноўную ўвагу падчас будслаўскіх урачыстасцяў надаюць духоўнаму выхаванню моладзі. Сёлета трываласцю веры вызначыліся пілігрымы з Баранавіч. Суполкай у 400 чалавек яны дзевяць дзён ішлі да Маці Божай у Будслаў.


У дарогу бралі толькі самае неабходнае - замест касметычак - лішнюю бутэльку вады і малітоўнік. Здавалася, складаны шлях у дзясяткі кіламетраў на гэтую моладзь ніяк не паўплываў.


Акрамя пешых пілігрымак практыкуецца паломніцтва на веласіпедах, аўтамабілях, цягніках і нават самалётах. Але сутнасць ад спосабу перэгрынацыі не мяняецца. Перш за ўсё - гэта яднанне чалавека з Богам.


Крыжовы шлях, працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, адарацыя Найсвяцейшага сакрамэнту і маладзёжная праграма. Хвалебныя спевы і шчырыя малітвы ў санкруарыі не сціхалі на працягу некалькіх дзён. Хоць асноўныя ўрачыстасці ўжо на зыходзе, але вернікі не спяшаюцца пакідаць будслаўскую святыню.


Вернікі змаглі не толькі памаліцца ля копіі абраза Маці Божай Будслаўскай, але і звярнуцца са сваімі асабістымі інтэнцыямі і малітвамі да яшчэ адной святыні - рэліквій Святой Тэрэзы.


Супольная імша аб'яднала святароў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Румыніі і Італіі. Яе ўзначаліў Папскі легат кардынал Жан Луі Таран. Сёння словы святога пісання гучалі на дзясятках моў. Завяршэннем будслаўскіх урачыстасцяў стала гашэнне паштовай маркі ў гонар 400-годдзя прыбывання чудатворнага абраза Божай Маці ў Будславе.


Такі сімвалічны знак стане для ўсіх вернікаў напамінам аб маштабных будслаўскіх урачыстасцях і высокапастаўленных гасцях. Гэта яшчэ раз пацвярджае з кожным годам, што роля беларускага касцёла ва ўсім свеце значна ўзрастае.