У Будславе працягваюцца святочныя набажэнствы

1 июля 2017

Сёння - другі дзень фэста. У санктуарый памаліцца і пакланіцца Будслаўскаму абразу Божай Маці прыбылі тысячы вернікаў. Больш за тое, гэты год для каталіцкага календара асаблівы. Адзначаецца стагоддзе Фацімскіх з'яўленняў Дзевы Марыі.

Як прайшла начная працэсія і служба? Даведаемся ў Наталлі Тарасюк. Яна на прамой сувязі з Будслава.

Гэтымі хвілінамі працягваецца святая імша. Дарэчы, сёння гэта не першае набажэнства. У 6 гадзін раніцы вернікі чарговы раз памаліліся перад абразом Маці Божай. І гэта, улічваючы тое, што апоўначы адбылася працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай і святая імша.

Магчымасць далучыцца да набажэнства была не толькі ў пілігрымаў, якія хто пехатою, хто на ровары і, зразумела, на аўтамабілях, пераадолелі шлях да Будслава, але і ў тэлегледачоў. "Беларусь 3" вёў прамую трансляцыю з санктуарыя. Сёлета набажэнствы асабліва ўрачыстыя. Дэвіз фэста ў Будславе - «Фацімскае пасланне Марыі - шлях да навяртання».

Касцёл адзначае стагоддзе з'яўленняў Дзевы Марыі ў партугальскім горадзе Фаціма. Нагадаю гэту гісторыю. У 1917 годзе Маці Божая з'яўлялася неаднаразова траім пастушкам: Франсішку і Жасінце Марту і Лусіі Сантуш. І гэты зварот, словы, заклік у нашыя часы прыцягваюць у партугальскі санктуарый больш за 5 мільёнаў пілігрымаў з усіх частак свету.

Мястэчка ажывае. А які фэст без кірмашоў і гандлёвых крам? Набыць тут можна і прысмакі, і цацкі. Гэта матэрыяльнае. А вось для душы ёсць выдатная магчымасць паразмаўляць і са святарамі, і з прадстаўнікамі манаскіх супольнасцяў, і нават з семінарыстамі на тэму паклікання да святарства. А яшчэ - пачуць музыку ад розных гуртоў. Пасля імшы католікаў чакае ўжо свецкае мерапрыемства - прэзентацыя кніг выдавецтва "Про Хрысто". Затым у 11 гадзін пачнецца ўрачыстая святая імша і эўхарыстычная працэсія.