У Брэсцкай вобласці жыхароў атакуюць кажаны

16 мая 2015

У Брэсцкай вобласці гэтымі днямі эколагам паступаюць звароты аб нашэсці кажаноў. Жывёлы залятаюць у дамы, хаваюцца на гарышчах і за аканіцамі. З чым звязана такая актыўнасць рукакрылых - паспрабавала высветліць Вікторыя Патоня.

Мясцовыя жыхары вёскі Брадніца ўжо не першы год практычна ў адзін і той жа час назіраюць аднолькавую карціну: над іх дамамі і ўчасткамі кружаць дзясяткі кажаноў. Некаторыя залятаюць прама ў дамы.

Спецыялісты тлумачаць: такая актыўнасць кажаноў звязана з іх міграцыяй. Зараз яны перамяшчаюцца з Еўропы ў Расію. Брэсцкая і Гомельская вобласці знаходзяцца ў міграцыйным калідоры.

У нашай краіне налічваецца 21 від кажаноў, вялікая частка з іх мігрыруе. За аканіцай гэтага дома разам са спецыялістамі мы выявілі рэдкага звярка - гэта начніца натэрэра, занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Папуляцыя кажаноў памяншаецца ва ўсім свеце. Стварэнне станоўчага іміджу гэтым звяркам дапаможа захаваць іх колькасць. Эколагі ўпэўніваюць: шкоды кажаны не прыносяць. Ад іх нельга заразіцца шаленствам або іншымі хваробамі. Яны здольныя толькі лавіць насякомых.

Марыя Дземянчык, спецыяліст па кажанах Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна: "Гэта зусім бяскрыўдная жывёла, якая не прыносіць ніякай шкоды чалавеку. Апошнім часам да нас паступае шмат паведамленняў, што многія кажаны накіроўваюцца ў будынак чалавека. Так, гэта адбываецца, але ў сувязі з тым, што гэта вясна вельмі незвычайная: днём цёплае надвор'е, а ўначы наступае пахаладанне. І кажаны не могуць лятаць, з-за холаду няма кармавой базы".

Каб вывучыць маршрут жывёл, навукоўцы іх акальцоўваюць. Дарэчы, кажаны, як і птушкі, мігруюць двойчы на год. Чарговая хваля будзе восенню.