У Брэсцкай вобласці падвялі вынікі дабрачыннага праекта "Я бачу"

23 января 2019

Тысячы дзяцей і кіламетраў дарог. У Брэсцкай вобласці падвялі вынікі дабрачыннага праекта кампаніі Velcom і Беларускага дзіцячага фонду "Я бачу". Брыгады ўрачоў-афтальмолагаў на працягу года выязджалі ў вёскі, каб праверыць зрок у дзяцей. Як высветлілася, каля 40 % вучняў маюць парушэнні і паталогіі. Раней такія акцыі прайшлі ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Агульная колькасць дзяцей, якім дапамог праект "Я бачу", ужо дасягнула 37 тысяч.

Як захаваць зоркае вока - даведалася Вікторыя Патоня. У тэорыі кожнае дзіця ведае, што зрок дазваляе нам бачыць жыццё ў поўным колеры. Але гэтыя падлеткі зараз на лячэнні ў дзіцячай абласной бальніцы. У кагосьці блізарукасць, астыгматызм або анамалія рэфракцыі. І калі гарадскія дзеці могуць часцей наведваць афтальмолага, то ў жыхароў глыбінкі не заўсёды ёсць такая магчымасць. Выявіць парушэнні зроку менавіта ў сельскіх дзяцей - на гэта накіраваны дабрачынны праект "Я бачу". У Брэсцкай вобласці мабільныя брыгады ўрачоў абследавалі вучняў у 135 школах. У 38 % з іх выяўлены парушэнні зроку. Большасць дзяцей свае дыягназы пачула ўпершыню.

Усе звесткі, атрыманыя падчас выязных прыёмаў, захоўваюцца ў адзінай інфармацыйнай базе - дзіцячай абласной бальніцы. Частку дзяцей дадаткова абследавалі і лячылі ў рэспубліканскіх цэнтрах. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя Беларусі, за апошнія 5 гадоў захворванне органаў зроку ў дзяцей вырасла на 18 %. Маладое пакаленне слепне. І гэта праблема.

Арганізатарамі дабрачыннага праекта "Я бачу" чацвёрты год запар з'яўляюцца Беларускі дзіцячы фонд і кампанія Velcom пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя краіны. Прафілактыка, дыягностыка і лячэнне органаў зроку на ранняй стадыі - галоўныя мэты сумеснай працы.

Фінансавую і інфармацыйную падтрымку ў рэалізацыі праекта аказвае кампанія Velcom. На вуліцах гарадоў усталяваны банеры аб карысных для вачэй прадуктах, створаны сацыяльны відэаролік, які ўжо транслюецца на каналах краіны.

За час існавання праграмы ў трох абласцях Беларусі абследаваныя амаль 37 тысяч дзяцей. Ужо з 11 сакавіка гэтая медыцынская дапамога стане даступная і юным жыхарам паўночнага рэгіёна.